“Чыноўнік сказаў: “На жалобу не было загаду зверху”

У нядзелю ў Кракаве пройдзе пахаванне прэзідэнцкай пары Качыньскіх. У гэтыя дні Польшча развітваецца з ахвярамі страшнай авіякатастрофы пад Катынню. Як адгукнулася польская трагедыя ў беларускіх гарадах і мястэчках? Ці пісалі пра гэта мясцовыя СМІ? Як мяркуюць людзі: ці трэба было Беларусі абвяшчаць афіцыйную жалобу? Еўрарадыё затэлефанавала людзям у розныя куткі Беларусі.

Жанна (Брэст):
"Брэст успрыняў гэтую трагедыю вельмі блізка да сэрца, бо ў нас жыве вельмі шмат этнічных палякаў. Практычна ўсе мясцовыя газеты вышлі з перадавіцамі, прысвечанымі гэтай тэме, асвятлялі гэта ў розных ракурсах. Тэлебачанне таксама казала пра гэтую трагедыю і яе наступствы. Я мяркую, што варта было б абвесціць нацыянальную жалобу. Бо Беларусь — суседка Польшчы, у нас жыве шмат людзей, звязаных з Польшчай. Сёння ў 15 гадзін брэсцкімі актывістамі ініцыяваная такая акцыя — “Хвіліна маўчання”…".

Алеся (Бабруйск): "У Бабруйску сярод людзей ёсць размовы пра тое, што адбылася трагедыя, людзі абмяркоўваюць гэта. Але што тычыцца СМІ, то было дадзена ў кантэксце такіх старонак, як “У краіне і свеце”… Такая сціслая інфармацыя. Абмеркаванні, апытанні не праводзілі, такога не было. Ці варта было абвяшчаць жалобу? Варта, бо ўсе суседнія краіны гэта зрабілі, адна Беларусь толькі засталася як заўсёды паасобку".

Андрэй (Рагачоў): "Пра жалобу стала вядома адразу, мне адразу сталі тэлефанаваць знаёмыя, калегі. Канечне, гэта трагедыя! З кім я размаўляў, нікога яна не пакінула абыякавым. Тым больш, шмат людзей зацікавіліся: а што такое Катынь? Сталі пра фільм гэты пытацца… А ў газетах, канечне, прапісалі — рэспубліканскіх, абласных. Людзі ўспрынялі вельмі блізка да сэрца, што адбылося з польскай дэлегацыяй, не засталіся абыякавымі ў Рагачове".

Аляксей (Салігорск):
"Наколькі мне вядома, у мясцовых СМІ не адлюстроўвалі гэтую падзею. Цяжка, каб у грамадстве быў нейкі выбух… Пэўна, сярод людзей гэта абмяркоўвалася, але каб такога шчырага і грунтоўнага спачування — дык не адчулася…".

Таццяна (Слуцк):
"Я размаўляла з пробашчам парафіі Святога Антонія айцом Аляксеям. Ён казаў, што шмат людзей выказвалі спачуванні, нават не толькі вернікі касцёла, але і праваслаўныя, і проста гараджане на вуліцы выказвалі спачуванні. Ён сказаў, што ўсе гэтыя спачуванні ён перадаў Тадэвушу Кандрусевічу. З мясцовых СМІ, мне здаецца, толькі рэгіянальная газета “Інфа-кур’ер” напісала пра трагедыю ў Польшчы і пра тое, як адрэагавалі людзі. Чыноўнікі абсалютна ніяк не адрэагавалі. Адзін з іх у прыватнай размове сказаў, што “не было загаду зверху”.

Алег (Гомель): "Людзі на вуліцах амаль што не размаўлялі. Пра гэта пісалі мясцовыя СМІ, на рэгіянальным сайце калонка навінаў была забітая гэтымі весткамі, адлюстроўвалася вельмі багата, пісалі, як плануецца пахаванне…"

Крысціна (Гродна):
"У Гародні літаральна ў самы першы дзень, 10 красавіка каля консульства пачалі збірацца людзі, запальваць свечкі, за паўгадзіны ўвесь плот каля консульства быў завешаны кветкамі. Таму візуальна гэтага немагчыма было не пабачыць. Людзі — у першую чаргу нашыя палякі, а таксама неабыякавыя гарадзенцы, беларусы — сабраліся на могілках. Было вельмі многа людзей, было жалобна, вельмі шчырая была малітва. Цяжка быць абыякавым і не спачуваць, гледзячы на такія пакуты і гэты боль. Што да СМІ, то ў дзяржаўных гэта было на першых палосах, недзяржаўныя таксама вельмі падрабязна асвятлялі".

Віталь (Старыя Дарогі):
"Па размовах людзей даволі шмат хто ведае, спачувальна паставіліся да гэтай трагедыі. Вось калі размаўлялі з людзьмі, дык яны браліся за галаву: як жа гэта магло атрымацца, што загінула такая вялікая колькасць урадаўцаў і сам прэзідэнт?! Так што ў нас адгукнуліся са спачуваннем. Што датычыцца нашай раённай газеты “Навіны Старадарожчыны”, то крышачку там узгадалі — але не больш за тое". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі