Чыноўнікам дазволілі кідаць слухаўку, калі яны падазраюць "дыскрэдытацыю РБ"
Чыноўнікам дазволілі не адказваць на звароты па тэлефоне
Урад абнавіў пастанову наконт працы са зваротамі ў дзяржорганы. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Раней кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і прадстаўнікі мясцовай улады былі абавязаныя праводзіць прамыя тэлефонныя лініі штосуботу з 9.00 да 12.00. Цяпер гэтую нагрузку зменшылі. Кіраўнік дзяржорганаў і аблвыканкамаў (Мінгарвыканкама) будуць адказваць на прамых лініях толькі кожную другую суботу месяца. А ў астатнія суботы замест іх будуць даваць адказы начальнікі структурных падраздзяленняў рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання.
Змены не закранулі кіраўніцтва раёнаў і гарадоў (акрамя Мінска) — кожная субота з 9.00 да 12.00.
Разам з тым у чыноўнікаў стала больш падставаў для таго, каб пакласці слухаўку. Раней гэта дазвалялася толькі пры нецэнзурных выразах і абразах.
Цяпер у спіс дадаліся наступныя прычыны:
— звароты змяшчаюць пагрозы жыццю, здароўю і маёмасці, падахвочванне да здзяйснення супрацьпраўнага дзеяння ці іншыя злоўжыванні права на зварот;
— ёсць падставы меркаваць, што мэтай звароту з'яўляецца дыскрэдытацыя Беларусі, у тым ліку яе дзяржаўных органаў і службовых асоб.
Змены набываюць моц пасля афіцыйнага апублікавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.