Чыноўнікаў абавязалі паведамляць пра службовыя падарункі цягам трох дзён

Чыноўнікаў абавязалі паведамляць пра службовыя падарункі цягам трох дзён

Беларускі ўрад выдаў пастанову, якая вызначае парадак здачы, уліку, захоўвання, ацэнкі і рэалізацыі маёмасці, у тым ліку падарункаў, атрыманых дзяржаўнымі чыноўнікамі з парушэннем заканадаўства і ў сувязі з выкананнем іх службовых абавязкаў. Згодна з пастановай № 45 ад 22 студзеня, дзяржаўная службовая асоба або прыроўненая да яе асоба абавязаная пісьмова ў выглядзе заявы паведамляць дзяржаўнаму органу або іншай арганізацыі, дзе служыць або працуе, пра ўсе выпадкі атрымання маёмасці з парушэннем парадку, вызначанага заканадаўствам. Гэтыя падарункі павінны быць звязаныя з выкананнем чыноўнікамі іх службовых абавязкаў. Цяпер службоўцы павінны бязвыплатна здаваць іх па месцы працы.

Паведамляць пра атрыманне такіх падарункаў трэба цягам трох дзён у дзяржаўныя падраздзяленні, скіраваныя на барацьбу з карупцыяй. Да заявы трэба прыкладаць дакументы (пры іх наяўнасці), якія пацвярджаюць кошт маёмасці. Упаўнаважаная асоба, якая прыняла заяву, цягам сямі працоўных дзён з даты рэгістрацыі заявы павінна ў пісьмовай форме праінфармаваць кіраўніка дзяржаўнага органа ці іншай арганізацыі аб факце атрымання маёмасці і ўнесці прапанову наконт яе далейшага выкарыстання.

Пастанова набыла моц з 24 студзеня, паведамляе БЕЛТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі