Чыноўнікі пра вырошчванне кавуноў: У нас жа не Краснадарскі край!

Летась Аляксандр Лукашэнка збіраў ураджай кавуноў разам з сынам Колем, тады навукоўцы казалі пра небывалы ўраджай — 60 тон з гектара. 


"Калі ты ў Беларусі яго бярэш, то ён свежы. А пакуль яго там з Астрахані прывязуць", — казаў тады пра айчынныя кавуны Аляксандр Лукашэнка. Мінулагодні ўраджай, па яго словах, раздалі суседзям.

Аляксандр Лукашэнка прыбірае кавуны год таму


Пасля гэтага тагачасны прэм'ер Міхаіл Мясніковіч даў загад — засеяць па 100 гектараў у кожнай вобласці кавунамі ды дынямі.


"Можа, гектараў 20 у нас і расце. Пакуль не збіралі ўраджай", — адказваюць праз год пасля распараджэння прэм'ера у Брэсцкім аблвыканкаме.


Кавуны тут вырошчваюць у двух гаспадарках, для эксперымента. Вырошчваюць ягады ў строгай сакрэтнасці.


"15 гектараў мы вырошчваем, розных сартоў", — прызнаюцца ў гаспадарцы "Чарняны".


Гаспадарка "Навасёлкаўскі" будзе прадаваць свае кавуны праз мясцовыя крамы, шукаць іх варта з пачатку верасня ў кобрынскіх крамах, паведамляюць у гаспадарцы:


"Пакуль яны яшчэ даспяваюць, будуць прадавацца ў крамах, у РАЙПО, але пакуль дакладна не ведаем, можа, і да Мінска даедуць".


Гродзенская вобласць вырошчвае кавуны толькі "для эксперымента", нават не прызнаюцца, колькі. Толькі іранічна адказваюць:


"У нас жа не Краснадарскі край, каб кавуны раслі".


У Віцебскай вобласці ні кавуноў, ні дыняў дзяржава не вырошчвае наогул. А ў кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі ў Драздах паспявае ўраджай на 5 гектарах, паведамляюць у Інстытуце гароднінаводства НАН Беларусі:


"Пакуль ураджай не вядомы, бо пакуль не восень. Расліны адчуваюць сябе добра, чакаем, калі паспеюць", — гавораць навукоўцы.


І малююць перспектывы вырошчвання кавуноў, праз змяненне клімату. Можна нават замяніць імпарт:


"Перспектыва ёсць, бо ёсць пацяпленне клімату, змяшчэнне агракліматычных зон. На Палессі нават выдзяляюцца новыя агракліматычныя зоны, нехарактэрныя для Беларусі. Шмат пясковых глебаў, якія падыходзяць пад кавуны", — дадаюць у Інстытуце гароднінаводства.


Значыць, варта чакаць пацяплення, каб набыць беларускі кавун на Камароўскім рынку ў Мінску. 

На Віцебшчыне кавуны яшчэ не даспелі, у Кобрынскім раёне іх перасталі вырошчваць

Фота: blogspot.compresident.gov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі