Чыноўнікі забыліся пра расстраляных, атручаных і спаленых пад Мінскам?

Баракі “Трасцянца” стаялі ўздоўж сучаснай сталічнай вуліцы Сяліцкага. Побач, за лясочкам, была печ, дзе нацысты спалілі больш як 50 тысяч целаў. Людзям ці стралялі з пісталета ў патыліцу, ці труцілі газам у спецыяльных смяротных грузавіках.

Непадалёк, на іншым баку сучаснага Партызанскага праспекта, ва ўрочышчы Благаўшчына, ― ямы-магілы, дзе закапаны не менш за 150 тысяч нацысцкіх ахвяраў. Іх забівалі ў газавых камерах ці проста расстрэльвалі. Аднак замест мемарыяльнага комплексу камуністы арганізавалі тут гарадскую звалку.

Чаму? Паводле меркаванняў некаторых гісторыкаў, тут жа расстрэльвалі людзей і сталінскія янычары. А каб схаваць сляды ― зрабілі на гэтым месцы галоўную сметніцу Мінска. А помнік лагеру “Трасцянец” паставілі зусім у іншым у месцы, зрабіўшы акцэнт на знішчаных чырвонаармейцах.

Гарадская звалка

Тут з 1941-га па 1944-ы год забівалі яўрэяў, якіх прывозілі эшалонамі з Заходняй Еўропы. Таксама знішчалі палонных чырвонаармейцаў і мірных беларусаў, якія траплялі пад нацысцкі пераслед. 

Пра лагер смерці “Трасцянец” ведае ўвесь свет. Па колькасці знішчаных людзей ён займае чацвёртае месца ў Еўропе ― пасля “Асвенцыма”, “Майданэка” і “Трэблінкі”. І толькі ў Беларусі памяць ахвяраў увекавечылі звалкай.

Жывая сведка: “Нават стогны і крыкі чуваць было з тых ямаў”

У канцы кастрычніка гэтага года Еўрарадыё наведала тэрыторыі былога лагера смерці.

Алею смерці, па якой з чыгуначнай станцыі вялі вязняў, ужо парушылі жылыя забудовы Шабаноў. Таксама на тэрыторыі былога лагера паўсталі прамысловыя аб’екты. Толькі у 2004 годзе пры ўдзеле Мінкульта правялі так званае занаванне тэрыторыі і забаранілі тут будаваць.

Сёння поле, дзе стаялі баракі, збольшага некранутае. Сціплымі помнікамі тут адзначаны два месцы. Гэта яма-печ, дзе праводзілі крэмацыю целаў, і кропка, дзе за тры дні да вызвалення Мінска ў вялізным хляве спалілі каля 6500 чалавек. Хоць нейкіх згадак пра лагер смерці “Трасцянец” на гэтых помнічках няма.

На гэтым месцы нацысты праводзілі крэмацыю

Тут спалілі людзей за тры дні да вызвалення Мінска

Сёння гэтыя тэрыторыі ўваходзяць у межы Мінска. А некалі тут, пры крывавым полі, стаяла вёска Малы Трасцянец. Хаты засталіся і дасёння. Тут знаходзім жывую сведку трагедыі “Трасцянца” Ніну Хвайніцкую. Бабулі сёння 87 гадоў.

“Дзе цяпер магазін “Прастор”, быў асфальтавы завод, ― паказвае бабуля ў бок вядомага шабаноўскага гіпермаркета. ― Гамбургскіх яўрэяў туды вазілі цэлымі эшалонамі. Іх спускалі, забіралі адзёжу. Нібыта іх везлі ў лагер. Але ў лесе ў Благове (урочышча Благаўшчына, адкуль вытыркаецца гарадская звалка, ― Еўрарадыё) нашы палонныя ўжо капалі ямы. Прыйдзе машына, туды, напэўна, газу як дадуць! Яны прама ў ім ужо і паміралі. Гэтыя трупы накідаюць на палавіну ямы і тады дроў кладуць.

Еўрарадыё: Проста на людзей?

Ніна Хвайніцкая: “Так. І тады паляць. Такі смурод ішоў ― прама немагчыма было дыхаць. Амаль кожны тыдзень прыходзіў новы эшалон. А адзёжу, якая заставалася, немцы мянялі яе на бульбу, садавіну. Ямы ў Благове капалі палонныя, і тады іх таксама забівалі. А наверх ужо гэтых яўрэяў вазілі. Нават стогны і крыкі чуваць было з тых ямаў. Людзі казалі, што гэтыя ямы прама дыхалі. Напэўна, людзі гэта былі, якія яшчэ недамёрлі, яшчэ былі жывыя. А як ужо ад’язджалі гэтыя немцы, баракі ўсе папалілі”.

На іншым баку Партызанскага праспекта адразу за звалкай, ва ўрочышчы Благаўшчына, таксама ёсць невялікі мануменцік. Нібы там пахавана ўсяго некалькі чалавек, а не 150 тысяч.

Наведваем, і афіцыйны помнік (пастаўлены ў 1963-ім) у былой вёсцы Вялікі Трасцянец. Нават тут прадугледжаны праектам вечны агонь не гарыць. Праз гэта месца ўвесь час праходзяць мясцовыя жыхары. Цікавімся ў маладой пары, якім падзеям гэты помнік прысвечаны.

―Тут нібыта была вёска, ― бярэ на сябе ініцыятыву хлопец. ― Загінулі людзі. Нібыта агульная магіла палеглых салдат.

―Мне толькі 56 год, я падрабязнасцяў не ведаю, пытайцеся ў нашых бабак, ― адказвае на пытанне Еўрарадыё жыхарка мікрараёна Шабаны.

―Я не ведаю, я тут толькі працую, ― адмахваецца дзяўчына гадоў 25. ― Я сама з Дзяржынска.

Ні Мінгарвыканкам, ні Мінкультуры, ні архітэктары пра тэрміны ўзвядзення мемарыялу не ведаюць

Яшчэ ў 1994 годзе была прынята пастанова аб стварэнні на месцы “Трасцянца” годнага мемарыяльнага комплекса. Праз сем год у Мінгарвыканкаме арганізавалі камітэт па яго стварэнні. Яшчэ праз дванаццаць стала вядома пра тое, што абралі архітэктурны праект. Сёлета ўвесну галоўны ідэолаг Мінгарвыканкама Сяргей Хільман (зараз ён гэтую пасаду ўжо не займае) распавёў пра тое, што паводле інвестыцыйнай праграмы Мінска на 2013 год на добраўпарадкаванне тэрыторыі прадугледжана тры мільярды рублёў.

І дзе гэта добраўпарадкаванне?

З моманту выказвання чыноўніка мінула больш за паўгода. І, як паведаміла Еўрарадыё прэс-сакратар Мінгарвыканкама Ілона Немава, новай інфармацыі наконт мемарыяльнага комплексу няма.

У Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама паведамілі, што непасрэдна за будаўнічыя работы адказвае прадпрыемства…“Гордарбуд”. Але ў гэтым ведамстве распавесці пра пачатак будаўнічых работ Еўрарадыё не змаглі. Чыноўнік, адказны за гэты кірунак, захварэў і трапіў у бальніцу. Не ведаюць нічога пра будаўніцтва мемарыяльнага комплексу і ва Упраўленні па капітальным будаўніцтве адміністрацыі Заводскага раёна.

Не даводзяць інфармацыю наконт тэрмінаў будаўніцтва і галоўнаму архітэктару праекта мемарыяльнага комплексу Ганне Аксёнавай.

“Мяркуецца, што работы хутка пачнуцца, таму што праект ужо атрымаў заключэнне экспертызы. Але гэта толькі тэрыторыя дзе былі баракі, яма-печ і  хлеў, дзе спалілі ваеннапалонных, ― тлумачыць архітэктар. ―Вось на гэту тэрыторыю праект узгоднены. Тэрыторыя ва ўрочышчы Благаўшчына яшчэ нікім не зацверджана”.

Еўрарадыё: Ці вядома вам, як хутка пачнуцца работы?

Ганна Аксёнава: “Планавалі ў гэтым годзе. Але гэта пытанне трэба ўдакладняць у выканкаме. Я ж не будую, я толькі праектую”.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі паведаміў Еўрарадыё, што істотных зрухаў наконт мемарыяльнага комплексу няма ўжо каля трох-чатырох гадоў.

Ужо зразумела, што грунтоўныя будаўнічыя работы тут у 2013-ым не распачнуцца. Такое ўражанне, што пра годную памяць аб лагеры смерці паразмаўлялі і забыліся. Не здзівіць і такі варыянт, напэўна, што ў наступны раз пра “Трасцянец” мы зноўку пачуем гадоў праз дзесяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі