Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Ефрасінні Полацкай і слуцкія паясы

Генеральная пракуратура 

Генеральная пракуратура  / @prokuraturabelarus

Па ініцыятыве Генпракуратуры быў складзены пералік культурных каштоўнасцяў, вывезеных з тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя артэфакты падлягаюць вяртанню, адзначылі ў ведамстве.

У спіс уключылі 694 прадметы культуры. Сярод іх — іконы, карціны, кнігі, скульптуры і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вярнуць хочуць, у тым ліку, і Крыж Ефрасінні Полацкай, выраблены ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам, і слуцкія паясы. У Беларусі цяпер захаваліся толькі адзінкавыя асобнікі і фрагменты такіх паясоў. Ёсць у спісе і такія рэліквіі, як ключы Магілёва і сані Напалеона Банапарта.

"Названы спіс не канчатковы — праца па выяўленні страчаных культурных каштоўнасцяў, вызначэнні іх кошту і рэпатрыяцыі ў Беларусь працягваецца", — дадалі ў Генпракуратуры.

У ведамстве лічаць, што страчаныя каштоўнасці знаходзяцца ў такіх краінах, як "Злучаныя Штаты Амерыкі, Дзяржава Ізраіль, Украіна, Рэспубліка Польшча і іншыя". Расіі ў гэтым спісе чамусьці няма, хоць, па адной з версій, менавіта ў Маскву быў вывезены Крыж Ефрасінні Полацкай. У прыватнасці, пра гэта казаў прафесар Адам Мальдзіс, калі ў Маскве выявілі Слуцкае евангелле.

"Як да нас дайшло Слуцкае евангелле — гэта вельмі дзіўна і загадкава да гэтага часу. Таму што яно знаходзілася разам з крыжом святой Еўфрасінні Полацкай і тысячамі іншых рэліквій у магілёўскім музеі. У 1941 годзе гэта ўсе было вывезена ў Маскву. Усе астатнія каштоўнасці не ўсплылі, акрамя Слуцкага евангелля", — казаў ён у канцы нулявых. На думку Мальдзіса, зніклыя каштоўнасці могуць знаходзіцца ў прыватных руках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі