Першая інфлюэнсерка — што вы маглі не ведаць пра Ефрасінню Полацкую
Гісторыя, рэлігія, дапамога тым, хто поруч — яна цікавілася многім і хацела быць карысная ўсюды
Ефрасіння Полацкая — першая, хто згадваецца, калі мы гаворым пра вядомых жанчын-беларусак. На жаль, гісторыю пра яе ў падручніках часта падаюць так, што хочацца хіба заснуць, і часцей за ўсё ў памяці застаюцца толькі зніклы крыж і тое, што яна святая заступніца Беларусі.
Коратка ўспамінаем цікавыя факты пра Ефрасінню — першую беларускую інфлюэнсерку.
Адмовілася ад жыцця княгіні
Нарадзіўшыся ў княжацкай сям'і, Ефрасіння (тады яшчэ Прадслава) адмовілася ад дынастычнага шлюбу, свецкага жыцця і раскошы. І таемна прыняла манаскі пострыг. Каб дапамагаць людзям і служыць Богу. Фактычна тады, у дванаццатым стагоддзі, гэта была форма эмансіпацыі.
Асветніца
Гэта цяпер у нас ёсць Coursera, а ў тыя часы ў Полацкім княстве была Ефрасіння, якая ўзялася за перапісванне кніг. Гэта была цяжкая фізічная праца і звычайна гэтым займаліся толькі мужчыны, але Ефрасінню не спынілі складанасці — яна хацела спрыяць распаўсюджванню пісьмовага слова, і паспяхова гэта рабіла.
Будавала манастыры
Асабістыя сродкі Ефрасіння аддавала бедным. І вылучала на будаўніцтва цэркваў у Полацку.
Яна заснавала два манастыры, мужчынскі і жаночы. Пры ёй горад стаў адным з цэнтраў асветы на тэрыторыі Беларусі, Ефрасіння наогул зрабіла вельмі многае для развіцця культуры на нашых землях.
Эстэтка
Нарэшце, нельга забыць пра знакаміты крыж Ефрасінні Полацкай. Яна замовіла яго ў ювеліра Лазара Богшы, зроблены крыж быў з золата і срэбра, з выкарыстаннем брыльянтаў.
Рэліквія была страчана падчас Другой сусветнай вайны. Хутчэй за ўсё яе вывезлі на тэрыторыю Расіі. Дагэтуль знайсці яе, адну з галоўных каштоўнасцяў краіны, якая належала святой заступніцы Беларусі, не ўдалося.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.