Заўсёды ў эпіцэнтры ўсяго беларускага: факты пра Зоську Верас

Зоська Верас

Зоська Верас / instagram/rubanau_collage

Наша сённяшняя гераіня ўшчувала Уладзіміра Караткевіча за русізмы, а за дзесяцігоддзі да таго сябравала з Максімам Багдановічам. Гаворка пра Зоську Верас (сапраўднае імя — Людвіка Сівіцкая) — адну з самых яркіх гераіняў гісторыі Беларусі.

 

З маладосці ў актывізме

Людвіка, якая нарадзілася 30 верасня 1892-га, атрымала спачатку хатнюю пачатковую адукацыю, потым скончыла жаночую гімназію ў Гродне, а пасля — яшчэ садова-агародныя і бортніцкія курсы і вайсковыя санітарныя курсы.

Ужо ў 1915-м яна стала сакратаром мінскага аддзялення Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. На гэтым жаданне дзяўчыны ўдзельнічаць у арганізацыях і змяняць грамадства не заканчвалася: яна была актыўная яшчэ ў Беларускім нацыянальным камітэце, Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый і Беларускай сацыялістычнай грамадзе.

Тады ж Зоська Верас стала актыўнай удзельніцай клуба беларускай інтэлігенцыі "Беларуская хатка", дзе разам з ёю былі ў тым ліку Уладзіслаў Галубок і Максім Багдановіч.

 

Дапамагала палітвязням

З 1923-га Зоська Верас жыла ў дамку пад Вільняй — праз паўстагоддзя ён стане адным з месцаў прыцягнення беларускай інтэлігенцыі. Тады гэта была тэрыторыя Польшчы.

Верас старалася дапамагчы беларускім палітычным зняволеным, якіх трымалі ў віленскай турме ў Лукішках. І хоць гэта, мякка скажам, не віталася, займалася рэдактурай некалькіх беларускіх газет і часопісаў.

Складала слоўнікі

Зоська Верас у 1924-м выпусціла "Беларуска-польска-руска-лацінскі батанічны слоўнік". Многія назвы раслін у беларускай мы ведаем менавіта адтуль — нават калі не мелі ўяўлення пра такі слоўнік.

Нашмат пазней, у перапісцы з Уладзімірам Караткевічам, Верас лаяла яго за той ці іншы русізм у беларускай мове. А ён, каб лепш вывучыць беларускія назвы раслін, нярэдка зазіраў у слоўнік і нават перапісваў яго ад рукі. "Наш батанічны бог", — казаў пра яе Караткевіч.

 

Пісьменніца, актывістка, батанік і пчалярка

Зоська Верас шмат пісала — мастацкую прозу і паэзію ў тым ліку. І мемуары — напрыклад, "Пяць месяцаў у Мінску", дзе яна ўспамінала пра Багдановіча.

Яна не толькі вывучала назвы раслін, але і замалёўвала іх. Магла даць парады, як якое лепш вырошчваць, што можна выкарыстоўваць для ўмацавання здароўя. Тое самае з пчалярствам.

Першыя гады жыцця ў Вільні Верас нават рыхтавала беларускі каляндар, у якім былі як парады з разраду "гаспадыні на заметку", так і тыя, што датычылі цікавых ёй садоўніцтва і пчалярства.

 

Дачакалася незалежнай Беларусі

Да канца жыцця Зоська Верас часта прымала гасцей у сваёй хатцы пад Вільняй — на сустрэчу да яе ездзілі як да гістарычнай асобы. Да стагоддзя яна не дажыла крыху менш за год.

Зоська Верас — биография

Затое, нарадзіўшыся ў Расійскай імперыі і добра яе памятаючы, Зоська Верас заспела і здабыццё Беларуссю незалежнасці. Гэтай вялікай жанчыны нашай гісторыі не стала 8 кастрычніка 1991 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі