Суд ЕС не зняў санкцыі з сербскага бізнесоўца Карыча, блізкага да Лукашэнкі
Сцягі Еўрасаюза, ілюстрацыйнае фота
Суд агульнай юрысдыкцыі Еўрасаюза 6 лістапада адхіліў скаргу сербскага бізнесоўца і палітыка Багалюба Карыча. Прадпрымальнік спрабаваў скасаваць санкцыі, накладзеныя на яго з боку ЕС.
Як піша "Позірк", Карыч спрабаваў скасаваць некаторыя абмежаванні ЕС, якія замарозілі яго фінансы і абмежавалі магчымасці перамяшчэння. Ён называў гэтыя санкцыі неабгрунтаванымі.
Кампанія Карычаў была разгарнула ў Беларусі шырокі бізнес і мела падтрымку з боку Лукашэнкі (яго нявестка Лілія займала ў кампаніі "Дана Холдынгс" высокую пасаду). Багалюб Карыч трапіў пад санкцыі ў 2022 годзе. Абмежаванні былі ўведзеныя за "няспынныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны і меркаваную падтрымку Карычам рэжыму Лукашэнкі". Суд палічыў, што ёсць усе падставы для захавання санкцый.
Раней Карычы спрабавалі праз суд ЕС зняць санкцыі з зарэгістраванай у Мінску іх будаўнічай кампаніі Dana Astra. Аднак у чэрвені 2023-га суд ЕС пастанавіў, што санкцыі ўведзеныя законна, бо кампанія падтрымлівае рэжым Аляксандра Лукашэнкі і атрымлівае выгады ад гэтага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.