Смачныя прадукты і таннае жыллё: як рускамоўныя жыхары Еўропы бачаць Беларусь
Брама Мінска
Група ў Тэлеграме, дзе абмяркоўваюць пераезд у Беларусь, сабрала больш за 3,5 тыс. падпісчыкаў. Рускамоўныя ўдзельнікі супольнасці жывуць у розных краінах, але пераехаць хочуць у адну (вы яе ведаеце).
"Крок ў нешта новае — заўсёды страшна. Але Беларусь — ❤️", — піша адна з карыстальніц чата.
"Уявіце! У Мінску я з 30 рублямі магу зрабіць вячэру і купіць прадукты на сняданак. А ў Латвіі за гэтыя грошы я магла толькі галаву памыць", — піша іншая ўдзельніца чата, разглядаючы цэны ў адной з беларускіх крам бытавой хіміі.
"Я ў гэты чат патрапіў, таму што задумаўся пра эміграцыю ў РБ. І, калі шчыра, вельмі афігеў, што людзі едуць не з РФ і краін СНД, а з Усходняй Еўропы. Што тут адбываецца?!" — загаласіў, не вытрываўшы, адзін з удзельнікаў чата. І мы ўслед за ім.
Карэспандэнтка Еўрарадыё перачытала перапіскі ўдзельнікаў за некалькі месяцаў у спробе высветліць, чым іх прывабіла Беларусь.
Адкуль едуць?
Больш за ўсё паведамленняў у групе пакінулі рускамоўныя жыхары Латвіі.
"Мяне пасля Латвіі ўжо нічога не пужае! Беларусь натхняе так, што ўсе перашкоды хоць бы што!" — піша адна карыстальніца.
"Так бывае, калі чужыя людзі падаюць руку дапамогі, а свае крыўдзяць. І чужыя становяцца раднейшымі за сваіх. Асабіста ў мяне адчуванне, што я не пераехаў, а быццам вярнуўся. Адным махам пазбавілі радзімы ў 90-х, потым — метадычна прэсавалі. Радзіма там, дзе на душы цёпла", — піша іншы.
А адзін з карыстальнікаў вельмі лірычна апісвае свой дом у Віцебскай вобласці.
— Чатыры крамы, школа, дзіцячы сад, клуб, музычная школа, сельсавет, рэчка ў 700 метрах, лес грыбны і ягадны. Домік, вядома, мае патрэбу ў рэнавацыі, але некрытычна. Лазенка таксама ёсць, але трэба рамантаваць, аднаўляць. Сажалка ёсць. Калодзеж з суперчыстай вадой. Рай.
Але адзінокіх жанчын, якія таксама падшукваюць сабе домікі ў беларускай вёсцы, ад гэтага раю ў чаце адгаворваюць:
— Я так скажу. Дом варта купляць, калі вы плануеце там чымсьці займацца. Маліну садзіць, курэй разводзіць ці нешта такога кшталту. Іначай прасцей кватэру.
Дом пастаянна патрабуе ўвагі. І гэта нятанна.
Наогул у чаце вельмі сяброўская атмасфера. Людзі абмяркоўваюць, у які раён Беларусі лепш пераязджаць, дапамагаюць адзін аднаму разбірацца з нюансамі беларускага заканадаўства і з тым, як рамантаваць вясковыя домікі. Часам дзеляцца рэцэптамі.
Некаторыя госці чата заходзяць у яго, таму што абдумваюць пераезд з Расіі. І не разумеюць, што ў чаце робяць тыя, хто акурат зараз жыве ва Усходняй Еўропе. Навошта?! Навошта вы едзеце ў Беларусь?
— Прадукты смачнейшыя, людзі дабрэйшыя, цэны ніжэйшыя, стабільная дзяржпалітыка, школа без гейпрапаганды і дае больш якасныя веды дзецям, няма пераследу за мову, — кажуць фанаты Беларусі.
І між іншым адзначаюць важны для расіянаў нюанс: калі вы не грамадзянін, а проста маеце від на жыхарства, то вас не прызавуць у войска. Але недагаворваюць, што вас таксама могуць вярнуць у Расію — Еўрарадыё вядомыя выпадкі, калі расіянаў, якія бягуць ад позваў, здымалі з самалёта і перадавалі Крамлю.
У сям'і з заробкам па 800 рублёў — два аўто. Як?!
Але не ўсе хочуць пераязджаць у аграгарадок і першым пунктам на сваім шляху выбіраюць Мінск. І расчароўваюцца: у Мінску ўсё неяк зусім нятанна. Такім раяць "ад'ехаць ад Мінска" і пашукаць аграгарадок ці райцэнтр.
— Я здымаў хату ў Полацку за 100 еўраў, у самім горадзе — і 200 еўраў выдаткаваў на месяц на ежу, яшчэ і пару рэчаў купіў.
Але многія згаджаюцца: не варта зачароўвацца Беларуссю, калі проста прыехаў ненадоўга як турыст.
— Вы прыязджаеце з Еўропы ў вялікіх ружовых акулярах. Са сваімі вялікімі грашыма. А існаваць тут вы будзеце на беларускі заробак. І гэта вы разумееце праз нейкі час, — папярэджваюць у чаце.
Але ёсць тыя, хто не пагаджаецца:
— Я без ружовых акуляраў. Але я разумею, што ў Эстоніі не куплю кватэру. А кошт арэнды расце. І вось сэнс? Я працую, каб проста аплачваць рахункі. У Беларусі ёсць магчымасць жыць крышачку лепш. Купіць дом і працаваць далей, толькі жывучы ў сваім доме і з цэнамі ніжэйшымі. Хіба гэта не лепш?
Многіх у чаце хвалявала пытанне, як беларусам удаецца купляць "айфоны і айвотч" на беларускія заробкі, але ён застаўся без адказу. Самая частая здагадка, у якой сыходзіліся ўдзельнікі дыскусіі: "Проста Беларусь — гэта іншы свет".
— Проста беларусы жывуць па сродках, і гэтаму яны вучацца дзесяцігоддзямі, гэта наша нацыянальная фішка, — адказвае адзін з беларусаў у чаце. — У сям'і з заробкам па 800 рублёў — два аўто, і на адпачынак ездзяць за мяжу.
— Сто працэнтаў, — адказваюць у чаце. — Так, як умеюць жыць беларусы, не можа больш ніхто. Не перастаю гэтаму здзіўляцца ўжо шмат гадоў.
Чым хочуць займацца экспаты? Некаторыя ўдзельнікі групы плануюць не проста пераехаць, але і што-небудзь зрабіць для "нейбархуда". Увогуле, удзельнікі чата якраз і раяць адзін аднаму прыязджаць з планамі "што-небудзь зрабіць", таму што беларускі заробак можа не спадабацца.
Хтосьці хоча стварыць міні-парк казак. Карыстальніца цікавіцца, ці можна ў Беларусі купіць домік з участкам і на яго тэрыторыі рэалізаваць такую ідэю. У парку яна плануе ладзіць святы, праводзіць майстар-класы для дзяцей і дарослых і абсталяваць міні-кафэ.
А хтосьці — працаваць на зямлі. Людзі дзеляцца адзін з адным здымкамі сваіх прысядзібных участкаў і кажуць, што хочуць працягваць разводзіць сабак (курэй, кароў) і ў Беларусі.
Беларускія прадукты
— З голаду вы ў Беларусі не памрэце дакладна. Мясцовыя прадукты тут каштуюць вельмі нядорага, — абяцаюць старажылы чата новенькім.
— Прадукты харчавання ў Беларусі — проста пушка. Я яшчэ дом купіў у сяле, так у нас пішаш, якія прадукты хочаш, і малочку або мяса сяляне прама дадому прывозяць, — нахвальвае іншы ўдзельнік.
А што экспаты думаюць пра беларускі зефір? Прысядзьце.
Некаторыя ўдзельнікі чата, якія пераехалі з Латвіі, кажуць, што... латвійскі зефір лепшы за беларускі! Затое цэняць беларускі мармелад.
— Беларускі мармелад — гэта нешта нейкае!
Але фанаты Беларусі любяць не толькі беларускі мармелад, але і беларускі фастфуд.
— Абмяркоўвалі тут са сваякамі, дзе ў Латвіі самыя смачныя бургеры. І тут гучыць мая фраза: у Латвіі?! Нідзе! Вы ў Беларусі не каштавалі! Я пасля таго, як у Віцебску паспрабавала бургер з натуральных прадуктаў, больш тут іх есці не магу, — нахвальвае адна з карыстальніц чата.
Так, дарэчы, Еўрарадыё параўноўвала сапраўдны гамбургер і бургер з беларускага аналага "Макдональдс". Мы не хочам ні ў чым пераконваць заўсёднікаў чата, але нашыя шалі схіліліся не на карысць беларускага бургера.
Сапраўдны Mcdonald's супраць "Мак.бай": дзе менш мяса? Параўноўваем гамбургеры
Куды ехаць?
Навічкі чата часта пытаюцца ў старажылаў, які горад Беларусі лепш выбраць для жыцця.
"Які горад можаце параіць сям'і з двума дзецьмі? Каб было спакойна і не занадта дорага. Набыць невялікі домік і спакойна жыць. Разглядаем пераезд, але не ведаем, які горад. У вялікі горад не хочам", — агучвае чарговы падобны запыт адна з карыстальніц чата.
Ёй раяць прыгледзецца да Кобрына (таму што "чалавек з Падмаскоўя яго хваліў").
Сярод іншых рэкамендацый — Маладзечна, Жодзіна. Хваляць Баранавічы.
— Буйны чыгуначны вузел. Буйны прамысловы цэнтр. Ад Мінска не вельмі далёка. Ёсць нават свой універсітэт. Пры гэтым — раённы цэнтр Брэсцкай вобласці. Цэны таннейшыя, чым у Мінску ці Брэсце.
А клімат асабліва хваляць у Мазыры.
Ідэалогія чата (усе складана)
Нягледзячы на вялікую актыўнасць у чаце, рэцэпты там публікуюць нашмат часцей, чым палітычныя мемы. Ды і мемы актывізуюцца ў асноўным перад нейкімі палітычнымі падзеямі — ну, напрыклад, выбарамі ў ЗША.
"Усе проста альбо сваімі справамі займаюцца, альбо проста-напраста хочуць спакою ад палітоты, таму што яе хапае ірл [у рэальным жыцці. — Еўрарадыё] і многія ад яе ўжо тым ці іншым чынам пацярпелі", — тлумачыць відочную апалітычнасць чата адна з пастаяльцаў.
Але часам "без палітыкі" ўсё ж не абыходзіцца. Напрыклад, калі ў чат заходзяць зусім ужо нечаканыя госці.
Напрыклад, адзін з карыстальнікаў — расіянін, але жыве ў ЗША. Асімілявацца ў Штатах не ўдаецца, а дадому вяртацца ён не можа праз антываенную пазіцыю. І таму разглядае магчымасць пераехаць у Беларусь.
"Я не магу вярнуцца ў РФ. Я вернік-хрысціянін і прытрымліваюся антываеннай пазіцыі, таму разглядаю магчымасць пераехаць у Беларусь", — піша ён.
Тут жа некалькі карыстальнікаў накідваецца на яго з заявай аб тым, што "Беларусь і Расія па адзін бок".
"Наўрад ці вам Беларусь спадабаецца. Беларусь і Расія — гэта адзін погляд на пэўныя рэчы. І так, у бацькі не забалуеш зусім, гэта не Расія", — кажуць карыстальнікі.
Часам у чат прыходзяць "спачувальныя" праекты, якія займаюцца вяртаннем расіянаў у РФ. Так, праект "Путь домой" запрашаў членаў групы паўдзельнічаць у віктарыне на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
"Былі б вельмі рады ўбачыць удзел і нашых братоў з Беларуссіі, і тых, хто толькі збіраецца туды пераехаць. Галоўны прыз — паездка ў горад-герой Масква", — агучвалі арганізатары правілы гульні.
Перад выбарамі ЗША пачаліся мемы з Пуціным і/або Трампам, але рэцэптаў з гарбуза ўсё роўна больш.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.