Што азначае перамога Трампа для Беларусі? Меркаванне эксперта
Дональд Трамп
Дональд Трамп другі раз выйграў прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Падчас ягонай кампаніі часта гучала меркаванне, што яго перамога будзе мець значны ўплыў на ўвесь свет.
Што ж гэта можа азначаць для Беларусі? Гэтае пытанне Еўрарадыё задало дырэктару Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерыю Кавалеўскаму.
У ЗША працягвае дзейнічаць дэмакратыя, але…
Паводле Кавалеўскага, у першую чаргу, беларусам важна глядзець на выбары ў Штатах як на прыклад дэмакратычнага працэсу. Але калі казаць пра нацыянальныя інтарэсы Беларусі, то тут ужо ёсць пэўныя нюансы.
Кавалеўскі кажа, што на працягу дзесяцігоддзяў паміж дэмакратамі і рэспубліканцамі сфармавалася паразуменне, хто такі Лукашэнка, што такое ягоны рэжым, якую пагрозу ён уяўляе і для беларусаў, і для рэгіянальнай бяспекі.
Але ёсць але.
“Некаторыя ідэі і погляды прэзідэнта Трампа могуць ускосна закранаць інтарэсы Беларусі. Найперш, гэта тычыцца ягонага бачання вырашэння канфлікта паміж Расіяй і Украінай, як ён бачыць заканчэнне вайны. З яго заяваў падчас перадвыбарчай кампаніі было зразумела, што ён будзе настойваць на заканчэнні гэтага канфлікту за кошт інтарэсаў Украіны. То-бок прымушэнне да міру праз скарачэнне падтрымкі ці перавод гэтай падтрымкі ў статус займу, каб зрабіць гэта значным цяжарам. Гэта можа паўплываць на пазіцыі еўрапейскіх партнёраў, для якіх лідарства ЗША вельмі важнае.
Так што гэта можа быць камбінацыяй не самых добрых навінаў для Украіны, але яны закранаюць таксама і нашыя інтарэсы. Якім чынам?
Тым, што мірны працэс можа не ўлічыць нацыянальныя інтарэсы Беларусі. Напрыклад, мы гаворым пра захаванне ваеннай прысутнасці Расіі ў Беларусі і пасля заканчэння вайны. Ці тое, што расійская ядзерная зброя можа застацца ў Беларусі. Гэта таксама не ў нашых інтарэсах, гэта для нас кепская навіна, і беларускі народ ніколі на гэта не пагаджаўся”, — кажа Кавалеўскі.
Ён звяртае ўвагу, што цяпер гэта будзе задачай як для яго асабіста, так і для дэмакратычнага руху — дамагацца таго, каб беларускія нацыянальныя інтарэсы абавязкова ўлічваліся ў мірных перамовах.
Іншае, паводле Кавалеўскага, на што можа ўскосна ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве паўплываць Трамп, гэта NATO, бо яго рыторыка “разбурае імідж альянсу, дзе вельмі важна паказваць адзінства”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.