Чысткі альбо міжвідавая барацьба: што адбываецца з “Еўрапейскім выбарам” — эфір
Аляксандра Мамаева і Ірына МакЛейн / Еўрарадыё
Каардынацыйная рада чацвёртага склікання яшчэ не пачала працаваць, а сярод яе дэлегатаў ужо пачаліся скандалы, інтрыгі і пошукі агентаў. І як гэта не дзіўна, але пакуль гэта ўсё адбываецца ў шэрагах аднаго спіса — “Еўрапейскі выбар”. Так, 4 чэрвеня аб прыпыненні свайго ўдзелу ў спісе “Еўрапейскі выбар” заявіла палітолаг Аліна Харысава. Адбылося гэта пасля выхаду на канале СТБ відэа, у якім сцвярджаецца, што з кастрычніка 2025 года Харысава злівала інфармацыю беларускаму КДБ, які нібыта звярнуўся да яе пад выглядам СБУ. А 6 чэрвеня ў тэлеграм-канале фракцыі “Еўрапейскі выбар” з’явілася паведамленне аб вынясенні вотуму недаверу Аляксандры Мамаевай.
Пра тое, што стала нагодай для вынясення вотуму недаверу і ці адпавядаюць рэчаіснасці факты, якія былі пакладзены ў падмурак гэтага рашэння, мы гаворым у эфіры Еўрарадыё з сяброўкамі спіса “Еўрапейскі выбар” — кіраўніцай міжнароднай камісіі Каардынацыйнай рады, каардынатаркай Народных амбасад Беларусі, актывісткай беларускай дыяспары Славеніі Аляксандрай Мамаевай і эксперткай па сацыяльнай палітыцы, прадстаўніцай Народнага консульства ў Шатландыі Ірынай МакЛейн у 14:00.