“Ці гатовыя вы плаціць”: улады прапануюць беларусам скінуцца на расійскую зброю?

“Ці гатовыя вы плаціць”: улады прапануюць беларусам скінуцца на расійскую зброю?

Падчас паслання народу і парламенту Лукашэнка задаў беларусам тры пытанні. Два з іх недвухсэнсоўна пачыналіся са словаў “Ці гатовыя вы плаціць”:

— “Ці гатовыя вы плаціць за ўласную абарону, за ўласную дзяржаву?”
— “Ці гатовыя вы плаціць за гэтую дарагую рэч — суверэнітэт, незалежнасць?” 

Слова “плаціць” можна разумець па-рознаму. Гаворка можа ісці пра нейкі дыскамфорт — напрыклад, ад таго, што дзеля суверэнітэту давядзецца адмовіцца ад прадуктаў з краінаў, якія ўвялі санкцыі. Ці цярпець у Беларусі расійскія войскі.

Але з таго, як словы Лукашэнкі пачалі каментаваць прапагандысты, вынікае, што вядзецца менавіта пра грошы. А калі канкрэтней — пра нешта накшталт “добраахвотных” ахвяраванняў ці новага збору/падатку “на абарону”.

“Ці гатовыя вы плаціць”: улады прапануюць беларусам скінуцца на расійскую зброю?
Салдаты на беларуска-расійскіх вучэннях / Мінабароны Беларусі

Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі, якога ў дзяржаўных медыя прадстаўляюць як палітолага, і супрацоўнік АНТ Ігар Тур наўпрост кажуць пра ўдзел беларусаў у фінансаванні падвышэння абараназдольнасці Беларусі. 

“Аляксандр Лукашэнка задае пытанне беларусам: ці гатовыя мы плаціць за ўласную абарону, за ўласную дзяржаву? Празрыста так намякаючы, што будзе дыялог пра тое, што ўсё ж часы цяпер ліхія, ваенная небяспека ёсць. Магчыма, ну, як мне падаецца, намёк на тое, што дадатковыя выдаткі на абарончы сектар будуць узрастаць. І гэта абсалютна правільна і добра”, — кажа Тур.

“Гэта можа падабацца ці не, але я б сказаў, што гэта жыццёвая неабходнасць”, — падтаквае Шпакоўскі. І крыху далей: “Гэта не значыць, што дзяржава адмаўляецца ад сваіх сацыяльных абавязацельстваў і пачынае стрыгчы купоны з людзей. Але разам з тым гэтая адказнасць мусіць быць салідарнай”.

Тут не лішне нагадаць, што беларусы і так кожны дзень плацяць дзяржаве. Яна атрымлівае падаткі (і немалыя!) з кожнага заробку: падаходны падатак (13%) з работніка; унёсак у ФСАН (34%) і ў пенсійны фонд (1%) з працадаўцы. Плюс падатак на дабаўленую вартасць амаль з кожнай рэчы, якую мы набываем у краме, і амаль з кожнай паслугі. Плюс акцызы. Але з пытанняў Лукашэнкі і рэплік яго прапагандыстаў вынікае, што цяпер гэтага мала: трэба быць гатовымі заплаціць яшчэ.

“Ці гатовыя вы плаціць”: улады прапануюць беларусам скінуцца на расійскую зброю?
Аляксандр Лукашэнка на Плошчы Перамогі ў Мінску / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Дэпутат Сяргей Клішэвіч прапануе фінансаваць умацаванне “абарончага патэнцыялу” Беларусі наўпрост з бюджэту.

“Мы дзяржава незаможная, у нас ні нафты, ні газу няма. Падкруціў там кранік і пару мільярдаў на абарону — на танкі, на самалёты, на гарматы — у бюджэт кінуў. Такога ў нас няма, — кажа ён. — Нам трэба працаваць. А вынікі нашай працы — гэта і ёсць наш бюджэт. Гэта і ёсць наша абарона. Тое, што мы сёння ў тым ліку можам перанакіраваць у сферу абароны. А мы бачым, што гэтая тэма вельмі актуальная”.

Але ж нават дэпутат беларускага парламента мусіць разумець, што лішніх грошай у бюджэце краіны няма. Гэта значыць, каб больш патраціць на войска, трэба менш патраціць на нешта іншае. І што ж будзе прынесенае ў ахвяру?

Варыянтаў не асабліва шмат: спорт, сацыяльная сфера, культура. У такім выпадку беларусы заплацяць за суверэнітэт і незалежнасць якасцю адукацыі і медыцыны. То-бок узроўнем жыцця — свайго і сваіх дзяцей.

“Ці гатовыя вы плаціць”: улады прапануюць беларусам скінуцца на расійскую зброю?
Марш супраць Лукашэнкі ў 2020 годзе / Еўрарадыё

А за што ж заплацяць? Імаверны адказ на гэтае пытанне Лукашэнка даў падчас сустрэчы з міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу. Гаворка пра ўзбраенне, якое апошнімі тыднямі прыбывае ў Беларусь для ўдзелу ў вучэннях:

“Для нас вельмі важна, каб нашы вайсковыя людзі не проста пабачылі гэтую тэхніку. На карцінцы. Але і, што называецца, памацалі. Каб разам са сваімі расіянамі, з братамі сваімі, падвучыліся карыстацца гэтай тэхнікай. Для нас гэта вельмі важна, бо практычна ўсю тэхніку, якая будзе тут, мы плануем закупляць у вас”.

Па звестках генеральнага сакратара НАТА Енса Столтэнберга, сярод іншага Расія перакінула ў Беларусь знішчальнікі Су-35 і зенітна-ракетныя комплексы С-400. Адзін такі самалёт каштуе $50-70 млн, а адзін ЗРК — каля $500 млн. Удзельнічаць у гонцы ўзбраенняў — гэта дорага. Але Лукашэнка ўжо запытаўся ў беларусаў, ці гатовыя яны плаціць. І падаецца, гэта ўсё ж было не пытанне, а прапанова. Адмовіцца ад якой беларусы не змогуць.

Меркаванне калумніста можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі