Ці можа Канстытуцыя РФ дазволіць рэгіёнам Беларусі пераходзіць у Расію?

Кадр з фільма "Зорныя войны: Эпізод 3 — Помста сітхаў" 
Кадр з фільма "Зорныя войны: Эпізод 3 — Помста сітхаў" 
Может ли Конституция РФ разрешить регионам Беларуси переходить в Россию?

Адзін з лідараў украінцаў Расіі палітолаг Багдан Бязпалька хацеў бы ўнесці ў расійскую канстытуцыю "права на ірэдэнту". Згодна з гэтым правам любы рэгіён Беларусі і Украіны атрымаў бы магчымасць далучыцца да Расіі. Гэтыя выказванні можна было б не ўспрымаць усур'ёз: маўляў, чарговая прапагандысцкая балбатня. Калі б не адно "але": Багдан Бязпалька — сябар камісіі па змяненні Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі.

А так наогул можна? І якую юрыдычную сілу для Беларусі будзе мець гэты пункцік пра "ўз'яднанне ўсяго рускага свету", калі Бязпалька зможа прасунуць яго ў абнаўляную па ініцыятыве Уладзіміра Пуціна канстытуцыю?

 

"Яны могуць напісаць у канстытуцыі, што Зямля плоская. Хто ім забароніць?"

Может ли Конституция РФ разрешить регионам Беларуси переходить в Россию?

Беларускі эксперт у міжнародным праве і палітычны аглядальнік Deutsche Welle Аляксандра Багуслаўская кажа, што Расія можа прапісаць у сваю канстытуцыю ўсё што заўгодна і ў гэтым не будзе парушэнняў міжнароднага права. "Яны могуць напісаць, што Зямля плоская. Хто ім забароніць гэта зрабіць?" — кажа яна.

Пытанне ў рэалізацыі далучэння, пра якое марыць Бязпалька. Тут, на думку Багуслаўскай, без парушэнняў міжнародных пагадненняў не абысціся:

"У сучасным свеце тэрыторыю іншай дзяржавы можна далучыць... практычна ніяк — толькі на падставе ўзаемнай згоды дзвюх дзяржаў. Калі, напрыклад, адна дзяржава скажа другой "Давайце мы вам аддамо вось гэтую сваю частку", а другая дзяржава адкажа "Ну, давайце". Гэта значыць, усё павінна быць добраахвотна: не захапіць, не заваяваць, таму што гэта будзе незаконна".

Канстытуцыю, якая распаўсюджваецца на тэрыторыю іншай краіны, у 1949 годзе прынялі ў ФРГ, успамінае прыклады ў гісторыі Багуслаўская. "Іншай краінай" была ГДР, на аб'яднанне з якой у перспектыве і разлічвала Заходняя Германія.

"Але тут трэба разумець, што ўз'яднанне Германіі адбывалася на падставе міжнароднай дамовы, якую падпісалі паміж сабой дзве дзяржавы — ФРГ і ГДР. Не на падставе нормы канстытуцыі [ФРГ. — Еўрарадыё]", — удакладняе Багуслаўская.

 

Аперацыя "Правакацыя"

Может ли Конституция РФ разрешить регионам Беларуси переходить в Россию?

Былы суддзя Канстытуцыйнага Суда Беларусі і эксперт па пытаннях канстытуцыйнага права Міхаіл Пастухоў заявы Бязпалькі называе правакацыяй.

"Гэта — правакацыйныя заявы, якія падахвочваюць шэраг няўстойлівых грамадзян абмяркоўваць такія варыянты і настроіць сябе на магчымае аб'яднанне з Расіяй. Гэта, па сутнасці, галасы пятай калоны, якія ствараюць фон для наступных дзеянняў Расіі ў рамках змены канстытуцыі. Пытанне самавызначэння Беларусі і Украіны — пытанне грамадзян Беларусі і Украіны. Ніхто звонку не павінен падштурхоўваць гэтых грамадзян да вырашэння гэтага пытання".

Нават калi iншая дзяржава і прапіша ў сваёй канстытуцыі права на далучэнне рэгіёнаў Беларусі, жаданне асобных грамадзян Беларусі скарыстацца гэтым правам застанецца крымінальна каральным, папярэджвае Міхаіл Пастухоў.

"Гэта лічыцца замахам на суверэнітэт. Дзейнасць арганізатараў будзе, магчыма, разглядацца як здрада радзіме. То-бок гэта будзе найцяжэйшае злачынства, калі знойдуцца арганізатары, якія будуць правакаваць далучэнне да Расіі. Але ўсё будзе залежаць ад пазіцыі [беларускай] улады. Вось, напрыклад, былы сахравец Юрый Гараўскі заявіў пра найцяжэйшае злачынства. Якая была рэакцыя ўладаў? Цішыня", — кажа Міхаіл Пастухоў.

Дзеля справядлівасці заўважым, што Аляксандр Лукашэнка ўсё ж такі адрэагаваў на фільм Deutsche Welle пра знікненні яго палітычных апанентаў — назваў яго правакацыяй. У інтэрв'ю галоўрэду ​​"Эхо Москвы" Аляксею Венядзіктаву кіраўнік Беларусі заявіў, што адразу даў каманду Следчаму камітэту, каб Юрый Гараўскі даў паказанні. Аднак у адказ, па яго словах, цішыня. Таксама Лукашэнка сказаў, што, калі следчымі не будзе атрыманы адказ, ён будзе абвешчаны ў міжнародны вышук.

 

Чакаем рэакцыі афіцыйнага Мінска

І Аляксандра Багуслаўская, і Міхаіл Пастухоў сыходзяцца ў думцы, што на падобныя заявы ў Расіі, якія фактычна з'яўляюцца замахам на суверэнітэт Беларусі, беларускія ўлады павінны афіцыйна адрэагаваць пратэстам.

"Гаварыць, што цяпер у Расіі нешта нерэальна, я б не стаў"

Может ли Конституция РФ разрешить регионам Беларуси переходить в Россию?

Расійскі эксперт і кіраўнік міжнароднай практыкі праваабарончай групы "Агора" Кірыл Карацееў не ставіцца да заяў Багдана Бязпалькі сур'ёзна. У той жа час ён не лічыць такі пункт у Канстытуцыі Расіі чымсьці нерэальным.

"Сумняваюся, але гаварыць, што цяпер у Расіі нешта нерэальна, я б не стаў. Гэта [ўнясенне такіх паправак. — Еўрарадыё] — фенаменальнае парушэнне ўсіх асноўных прынцыпаў міжнароднага права пасля Другой сусветнай вайны, а можа і пасля Першай", — кажа Карацееў.

Зрэшты, заявы члена камісіі, як і сама камісія, не маюць ніякага значэння, кажа Кірыл Карацееў.

"Па-першае, яна [камісія. — Еўрарадыё] нічога не будзе прапаноўваць, таму што яна не з'яўляецца суб'ектам ініцыятывы. А што ёй прапануюць абмяркоўваць, мы да гэтага часу не ведаем, таму што няма ніякага законапраекта суб'ектаў ініцыятывы пра папраўкі ў канстытуцыю. Па-другое, яна будзе проста праштампоўваць тое, што ім прынясуць, як я разумею, з Адміністрацыі прэзідэнта".

Па словах Карацеева, мэта такіх заяў — прымусіць гаварыць пра сябра камісіі, пра якога раней ніхто не чуў, але не гаварыць пра іншыя сур'ёзныя рэчы, якія прапануюцца для змены ў канстытуцыі.

Гэта значыць, беларусам не варта перажываць наконт такіх заяў?

"Перажываць варта, але не з-за камісіі [па зменах у Канстытуцыю РФ. — Еўрарадыё], а з-за таго, што сусед па Саюзнай дзяржаве абірае беларускі шлях развіцця — захавання адной асобы ў яго кіраўніцтве. Гэта яшчэ ніколі на развіцці краін добра не адбівалася", — рэзюмаваў Кірыл Карацееў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі