Ці патрэбныя ў мінскім метро аўтаномныя дэфібрылятары?

Ці патрэбныя ў мінскім метро аўтаномныя дэфібрылятары?

За тыдзень у мінскім метро ад сардэчных прыступаў паміраюць два чалавекі. Нягледзячы на тое, што на абодва выклікі хуткая дапамога прыязджае даволі хутка, цягам 10-15 хвілін, спробы рэанімаваць не прыносяць вынікаў.

“Чым раней пачаць рэанімацыйныя мерапрыемствы, тым больш верагоднасць, што яны будуць эфектыўнымі, ― кажа кардыёлаг Алена. ― Таму, нават, калі хуткая прыязджае цягам пяці хвілін, то бывае, што час ужо згублены. Тут ужо пытанне адукаванасці людзей нейкім простым рэчам. Той жа непрамы масаж сэрца і штучная вентыляцыя лёгкіх ― тое, што мы ўсе не раз бачылі ў фільмах. Каб людзі мелі хаця б прыблізнае ўяўленне, што трэба ў такіх сітуацыях рабіць, каб хоць неяк забяспечыць цыркуляцыю крыві да прыезду хуткай дапамогі”.

У краінах Еўрасаюза ў грамадскіх месцах, на стадыёнах, ва ўніверсітэтах, аэрапортах, транспарце, усталяваныя аўтаномныя дэфібрылятары. І нават вядомыя выпадкі, калі скарыстаўшыся такім дэфібрылятарам, людзей ратавалі падлеткі. Сама такая прылада ― памерам з аўтамабільную аптэчку. На ёй намаляваная дакладная інструкцыя карыстання, пры гэтым, ці патрэбны разрад току і якой моцы, апарат вызначае сам.

“Ужываюцца яны адзін-два разы на год, ― кажа Еўрарадыё прадстаўнік варшаўскага метро Мацей Чэрскі. ― Проста звычайна вельмі хутка даязджаюць дактары, якія маюць уласны апарат. Тыя, што ў нас у метро стаяць, гатовыя да працы ўвесь час, але ўжываюцца толькі ў крайніх выпадках. Карыстацца імі можа любы пасажыр, яны запраграмаваныя так, што даюць галасавыя каманды, што рабіць. Калі неабходнасць у дэфібрылятары ёсць, то выратавальніку трэба толькі націснуць на адмысловую кнопку па галасавой камандзе”.

Паводле статыстыкі, у 2015 годзе ад хваробаў сістэмы кровазвароту ў Беларусі памерла больш за 66 тысяч беларусаў. Гэта амаль палова ад агульнай смяротнасці па краіне. З-за інфаркту міякарду памерла 1327 тысяч чалавек. Спецыялісты кажуць, што калі сэрца спыняецца па-за сценамі бальніцы, у чалавека ўсяго толькі 5% каб выжыць. За мяжой з дапамогай агульнадаступных дэфібрылятараў “выпадковыя сведкі” ратуюць жыццё ў 38% выпадкаў. Калі апарата побач няма, дактары, якія прыбылі на месца здарэння пазней ― толькі ў 22%.

“Думаю, што пытанне ўстаноўкі дэфібрылятараў на станцыях метро трэба задаваць усё ж Міністэрству аховы здароўя, а не нам, ― кажа прэс-сакратар мінскага метрапалітэна Андрэй Кузьмін. ― Ва ўсялякім выпадку, у нас такіх размоваў пакуль што не было. Магу толькі дадаць, што ўсе нашы супрацоўнікі арыентаваныя на імгненны выклік хуткай дапамогі на любую станцыю”.

Як даведалася Еўрарадыё, усіх супрацоўнікаў мінскага метро вучаць аказваць першую дапамогу, на станцыі “Кастрычніцкая” заходзіцца пункт аховы здароўя. Супрацоўніца гэтага пункта і спрабавала адкачаць аднаго з памерлых мужчын, але не атрымалася.

“Ужо вядзецца праца, распрацоўваецца нарматыўна-прававая база па стварэнні сістэмы навучання ўсіх грамадзян аказанню першай дапамогі, ― кажа старшыня галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Алена Богдан. ― Гэта будзе праграма, у межах якой будуць рыхтаваць і школьнікаў, і людзей, якія працуюць… курсамі і іншымі шляхамі, там цэлая сістэма. Вы ж разумееце, што ў няўмелых руках дэфібрылятар можа нарабіць яшчэ больш бяды. Але іх з’яўленне ― адзін з элементаў гэтай сістэмы”.

Калі пастанаўленне будзе апублікаванае, калі набярэ моц, калі з’явяцца першыя дэфібрылятары ў грамадскіх месцах, супрацоўніца міністэрства не кажа. Толькі абяцае, што гэта не зацягнецца на некалькі гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі