Ці працягнулі расследаванне па справе Ганчара і Красоўкага, не вядома

Тэрмін даўнасці па справе знікнення былога міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі нібыта выйшаў яшчэ 7 траўня 2014 года, але справу працягнулі на тры месяцы і кожныя тры месяцы працягваюць зноў.

"Раз на тры месяцы нам паведамляюць, калі працягваюцца тэрміны папярэдняга расследавання. Мы разбіралі наша заканадаўства, і прыйшлі да высновы, што тэрміны даўнасці па Захаранку прайшлі", — кажа прадстаўнік маці Захаранкі праваабаронца Алег Воўчак.

Справу працягнулі да 24 верасня, і што будзе далей, не вядома, бо да гэтага справу пастаянна працягваюць, але па словах Воўчака ніякіх рэальных следчых дзеянняў не вядзецца. Сам Воўчак і маці Захаранкі хочуць, каб справу спынілі.

"Справа ў тым, што яны могуць працягваць далей, і мы не зразумеем, што яны рабілі. Калі справа расследуецца, нам ніякай інфармацыі не даюць. А калі будзе спыненая, то нас пазнаёмяць з матэрыяламі справы. Мы можам абскардзіць, надаць агалосцы. Улада, відаць, выбрала тактыку гэтую тэму замоўчваць".

Вядома, што былога міністра ўнутраных спраў выкралі. Тады 7 мая ў 1999 годзе генерал Захаранка не дайшоў да свайго пад'езда — каля дома яго чакалі 6-7 чалавек на двух танаваных жыгулях. Па словах Воўчака, гэты факт прызнае і пракуратура і следства.

Алег Воўчак мяркуе, што паколькі тэрмін даўнасці ў 15 гадоў прайшоў, то і сэнсу шукаць злачынцу няма, бо суд яго не зможа пакараць.

Іншага меркавання прытрымліваецца праваабаронца Гары Паганяйла. Бо ў артыкуле крымінальнага кодэкса ідзе гаворка пра тое, што асоба можа быць вызваленая ад адказнасці па сканчэнні тэрмінаў даўнасці.

"Па справах знікнення асоб трэба альбо знайсці вінаватых, альбо адшукаць зніклага, альбо яго труп. Нічога з гэтага не зроблена, значыць, расследаванне справы павінна быць працягнутае і справы нельга пакласці ў архіў. Што тычыцца пошукавых спраў, яны таксама не могуць быць спыненыя пакуль не будзе устаноўлены лёс зніклых. Па справе Захаранкі была прызнаная пацярпелай маці. Гэта было пасля 15 гадоў, а гэта таксама следчае дзеянне. Значыць, справа працягнутая".

Але вядома, што рэальна следчых дзеянняў даўно не вядзецца, дадае Паганяйла. Падобная сітуацыя са справамі палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Іх справы былі ўзбуджаныя 17 верасня 15 гадоў таму, а значыць, сёння выходзіць тэрмін даўнасці. Але ў следчым камітэце не могуць паведаміць пра статус крымінальнай справы, абяцаюць зрабіць гэта пазней.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі