Ці збіраецца апазіцыя ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі?

Самы першы крок выбарчай кампаніі — стварэнне тэрытарыяльных выбарчых камісій. Яны мусяць быць зацверджаныя мясцовымі выканкамамі і дэпутатамі саветаў з 20 па 22 ліпеня. Заяўкі прымаюцца да 19 ліпеня, то бок застаецца менш за два тыдні. Ці збіраецца апазіцыя накіраваць туды сваіх прадстаўнікоў.

“Нашы людзі ў рэгіёнах мусяць падаваць, — кажа Сяргей Калякін, лідар партыі левых “Справядлівы свет”, які будзе балатавацца ў прэзідэнты. — Сістэма такая, што можна падаць заяўку там, дзе ёсць зарэгістраваная структура. Вось там, дзе яна ў нас ёсць, мы і будзем. У нас больш за 60 структур у раёнах, таму закрыем амаль усе камісіі”.

Плануе высоўваць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі і партыя БНФ. Ужо вядома, што заяўкі пойдуць у раённыя маладзечанскую і лагойскую камісію ды ў гарадскую і абласную мінскія. Пакуль назбіралася толькі каля дзесяці чалавек.

“Натуральна, роля тэрытарыяльных камісій не такая вялікая, — лідар БНФ Аляксей Янукевіч называе асноўную мэту вылучэння сяброў партыі. — Але, калі чалавек уключаны ў склад тэрытарыяльнай камісіі, ён мае паўнамоцтвы ўдзельнічаць у пасяджэннях і ўчастковых камісій, адпаведна, можа рэальна назіраць падлік галасоў, прысутнічаць пры гэтым”.

А вось Аб’яднаная грамадзянская партыя перакананая, што “падчас выбараў усё вырашаецца выключна на ўзроўні ўчастковых камісій”. Таму канцэнтраваць сваіх прадстаўнікоў плануе менавіта там.

“Прычым, мы будзем рабіць акцэнт не на колькасць а на якасць, — працягвае думку лідар АГП і магчымы будучы кандыдат у прэзідэнты Анатоль Лябедзька. — Ужо сутыкаліся з сітуацыяй, калі прапаноўвалі прадпрымальнікам увайсці ў камісіі. Але потым яны траплялі паміж молатам і кавадлам, і нават не маглі паставіць свой подпіс пад нейкім асаблівым падыходам ці думкай. Таму вось такая наша стратэгія”.

Грамадзянская кампанія “Гавары праўду”, ад якой балатавацца на пост прэзідэнта будзе Таццяна Караткевіч, вылучаць сваіх прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі не плануе. Маўляў, яны ўваходзяць у склад кампаніі "Права выбару-2015", і ціск будуць рабіць менавіта на назіранне.

На першым этапе 153 тэрытарыяльныя камісіі па ўсёй краіне будуць адказваць за праверку подпісаў, якія здаюць патэнцыйныя кандыдаты, вырашаць пытанні фінансавання выбараў ды садзейнічаць агітацыі кандыдатаў, дапамагаючы арганізоўваць сустрэчы з выбаршчыкамі.

“А непасрэдна ў дзень выбараў участковая камісія перадае вынікі падліку галасоў (пратаколы) па сваім участку ў тэрытарыяльную раённую ці гарадскую камісію, — працягвае пералічваць асноўныя функцыі тэрытарыяльных камісій адказны сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. — Яны гэтыя дадзеныя абагульняюць па ўсіх участках свайго раёна і перадаюць у тэрытарыяльную абласную камісію. Адтуль пасля праверкі перадаюць ужо ў Цэнтральную камісію”.

Нагадаем, у 2008 годзе, дзякуючы прысутнасці ў тэрытарыяльнай камісіі кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага, ледзь не былі сарваныя выбары ў Шклоўскім раёне. Паводле вынікаў галасавання, дэпутатам абіраўся старшыня райвыканкама Валерый Іваноў. Але спадар Мігурскі адмовіўся падпісваць выніковы пратакол, бо ў пратаколах з вёскі Александрыя вынікі галасавання былі пазначаныя алоўкам і ўжо стаялі подпісы сяброў камісіі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі