Ці здымуць візавыя санкцыі з Пефціева і Чыжа ўслед за Міхальчанкам?
Адвакат журналіста АНТ тлумачыць, як выйграу суд у Еўрасаюза, а аналітык Андрэй Елісееў разважае, ці змогуць гэтым скарыстацца беларускія алігархі.
Суд Еўрасаюза скасаваў санкцыі супраць журналіста АНТ Аляксея Міхальчанкі. Яму быў забаронены ўезд у краіны ЕС у 2011 годзе ў адказ на гвалтоўныя дзеянні беларускіх уладаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Тады ж аўтар праграмы “Как есть” падаў скаргу ў суд ЕС. Яго адвакатам выступіў літовец Мажвідас Міхалаўскас, які жыве ў Парыжы. У 2012-м Міхальчанка апынуўся ў новым, дапоўненым “чорным спісе”.
"Аргументаў у нас было шмат, — тлумачыць Міхалаўскас. — Адным з вырашальных быў працэсуальны аргумент. Проста Міхальчанку не праінфармавалі ў час, таму мы не змаглі прадставіць аргументы на сваю карысць у адказ санкцыі 2012-га года. Савет вырашаў, не заслухаўшы аргументаў другога боку, а гэта па працэсе не дазваляецца. Калі нехта ў нечым абвінавачваецца, ён павінен выкласці свае аргументы. Гэтага не было. З санкцыямі 2011 года было прасцей. Не па працэсуальных матывах, але па сутнасці справы мы выйгралі. Яны проста палічылі, што матывы не адпавядаюць рэчаіснасці".
Юрыст тлумачыць, што Савет ЕС не прадставіў ніякіх доказаў таго, што Міхальчанка мае дачыненне да рэпрэсіяў і парушэнняў выбарчага заканадаўства. Суд прызнаў, што яго перадача прапагандысцкая, але сувязі паміж прапагандай і парушэннямі выбарчага заканадаўства не ўгледзеў, дадае аналітык інстытута BISS Андрэй Елісееў.
"У прынцыпе, суд пагадзіўся з аргументамі Савета ЕС, што праграма АНТ "Как есть" — гэта добры прыклад беларускіх медыяў, якія актыўна падтрымалі менавіта Лукашэнку на выбарах і не давалі комплекснай аналітыкі з аглядам дзейнасці іншых кандыдатаў, а менавіта вялі аднаго, што сапраўды было інструментам дзяржпрапаганды. Але Савет ЕС не даказаў, што ёсць прамая сувязь. Бо Міхальчанка быў уключаны ў спіс як асоба, адказная за парушэнні выбарчага заканадаўства і ціск на апазіцыю. Але прамой сувязі паміж прапагандай і рэпрэсіямі няма. Таму па Міхальчанку ўсё даволі прадказальна, улічваючы фармулёўку. Я лічу, што калі б ён быў уключаны з іншай фармулёўкай, то, цалкам верагодна, прайграў бы".
Другі кліент адваката Міхалаўскаса — сябра ЦВК Вадзім Іпатаў. Ён, у адрозненне ад журналіста, суд прайграў і па-ранейшаму не зможа ездзіць у краіны ЕС. Але адвакат збіраецца падаваць апеляцыю. Ціснуць на тыя ж фармулёўкі. Маўляў, ЦВК галасы не лічыць, а толькі сумуе вынікі акруговых камісій. Таму ў парушэннях выбарчага заканадаўства не ўдзельнічае.
"ЦВК, у прынцыпе, як суд. Калі ім скарга паступіла, яны яе разглядаюць. У справе гаворыцца, што яны няправільна вырашылі некаторыя пытанні. Яны вырашаюць пытанні зыходзячы з дакументаў, якія ім далі, — скаргаў і гэтак далей. А гэтых скаргаў, якія паступалі ў ЦВК, у матэрыялах суда не было. ЕС іх не прадставіў", — кажа адвакат Мажвідас Міхалаўскас.
Але суд ЕС спаслаўся на дакументы АБСЕ і палічыў, што аргументы абароны слабыя, кажа Андрэй Елісееў. Бо ЦВК — гэта найвышэйшая інстанцыя, ад якой залежыць уключэнне асобаў у спіс кандыдатаў, кантроль над ніжэйшымі выбарчымі камісіямі і разгляд скаргаў. Таму амаль усе аргументы, прыведзеныя абаронай Іпатава, суд не палічыў дастаткова моцнымі.
Акрамя Міхальчанкі і Іпатава ў суд падалі яшчэ як мінімум тры асобы: бізнесмены Уладзімір Пефціеў, Юрый Чыж і Анатоль Тэрнаўскі.
"Іх адвакаты, сярод іншага, таксама выкарыстоўваюць гэту лазейку. Яны б’юць у дакладнасць фармулёўкі. Калі Пефціеў уключаны як асоба, асацыяваная з Лукашэнкам, адвакаты ўказваюць на тое, што трэба прывесці дакладныя довады, што гэта сапраўды вельмі блізкія да Лукашэнкі асобы і маюць ад гэтага карысць".
Збіраўся судзіцца і журналіст Вадзім Гігін. Але ці падаў ён скаргу, дакладна невядома. Размаўляць з Еўрарадыё на гэтую тэму ён адмовіўся.
Андрэй Елісееў не лічыць рашэнне па Міхальчанку суперпрэцэдэнтам. Бо раней суд ЕС ужо разглядаў падобныя справы па выключэнні з "чорнага спіса", але не з Беларусі. Некалькі асобаў з Ірана, уключаныя у такі спіс, падавалі скаргі ў суд.
Ці могуць іншыя беларусы з "чорнага спіса" падаць у суд і выйграць яго? Чаму еўрапейскі адвакат пагадзіўся абараняць журналіста Міхальчанку і сябра ЦВК Іпатава? Пра гэта — у інтэрв’ю Еўрарадыё з адвакатам Мажвідасам Міхалаўскасам.