Ціханоўская: Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў

Алесь Бяляцкі і Святлана Ціханоўская / З архіву spring96.org
Алесь Бяляцкі і Святлана Ціханоўская / З архіву spring96.org

Святлана Ціханоўская адрэагавала на прысуджэнне беларускаму праваабаронцу і палітвязню Алесю Бяляцкаму Нобелеўскай прэміі міру.

"Гэта выдатная навіна! — піша Ціханоўская. — Алесь Бяляцкі — гонар беларусаў. Цяпер пра гэта ведаюць ва ўсім свеце. Цяпер у Беларусі ёсць яшчэ адзін Нобелеўскі лаўрэат, які супрацьстаіць дыктатуры і вайне.

Я віншую Алеся і яго родных з гэтай узнагародай. Я ўпэўненая, што для іх сям’і гэта вельмі важны знак падтрымкі. Але гэтая ўзнагарода — яшчэ і прызнанне ўнёску ўсіх беларускіх праваабаронцаў у забяспечэнне міру і правоў чалавека. Таму я віншую кожнага, хто абраў гэта справай свайго жыцця.

На жаль, пра ўручэнне Нобелеўскай прэміі Алесь не даведаўся імгненна разам з намі. Ён не прыедзе ў Осла з нобелеўскай прамовай, бо Алесь Бяляцкі, як і тысячы беларусаў, знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Ужо другі раз яго прызналі палітзняволеным. І гэта сведчыць пра тое, што рэжым з’яўляецца пагрозай міру і свабодзе беларускага народа.

Гэта далёка не першы выпадак, калі прэмію міру атрымлівае чалавек, які знаходзіцца за кратамі па палітычных прычынах. Але гэта першы выпадак, калі ўся Беларусь ганарыцца Нобелеўскім лаўрэатам у турме. Я ўпэўненая, што тыя, хто ўчыніў рэпрэсіі супраць Алеся і тысяч невінаватых людзей, хутка застануцца ў невядомым мінулым. А ў гісторыю ўвойдуць менавіта такія героі, як Алесь Бяляцкі".

Праваабаронцы нагадваюць, што Алесь Бяляцкі стаў чацвёртым чалавекам, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме або пад вартай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі