Цімашэнка падтрымае Беларусь на шляху ў ЕС, калі стане прэзідэнткай Украіны
Лідарка ўкраінскай партыі "Бацькаўшчына" Юлія Цімашэнка лічыць, што Беларусь, як і Украіна, павінна вызначыць Еўрасаюз прыярытэтным вектарам сваёй палітыкі. Пра гэта прэтэндэнтка на прэзідэнцкую пасаду заявіла ў каментары Радыё "Свабода".
"Я перакананая ў тым, што крок за крокам усе краіны, якія выйшлі з Савецкага Саюза, будуць набліжацца да еўрапейскіх каштоўнасцяў, у тым ліку да вельмі цеснай супрацы з тымі краінамі, якія ўваходзяць у Еўрасаюз. Украіна будзе не толькі сама праходзіць гэты шлях — набліжэнне і сяброўства ў Еўрасаюзе, а мы будзем рабіць так, каб усе краіны еўрапейскага кантыненту рана ці позна мелі магчымасць стаць часткай адной (еўрапейскай) сям’і", — акрэсліла сваё бачанне ўкраінскі палітык.
23 студзеня Цімашэнка падала ў Цэнтрвыбаркам дакументы для рэгістрацыі кандыдаткай у прэзідэнты.
Дарэчы, ЦВК Украіны зарэгістравала ўжо 13 кандыдатаў і разглядае дакументы яшчэ 15 прэтэндэнтаў.