Цыганы, тушаны вожык з бульбай і тэст на цнатлівасць
“Яна накрыла твар дзіцяці сваёй спадніцай і разам з ім звалілася ў яму”
“Міжнародны дзень цыганоў (8 красавіка) — гэта збольшага афіцыйнае свята, адзначаем чыста сімвалічна ў сям'і ці з сябрамі. А вось Раство і Вялікдзень — галоўныя святы, — распавядае намеснік старшыні "Беларускай асацыяцыі цыганоў “Рома”" Аляксандр Басяцкі, з якім разам едзем ва Узду. Менавіта там на мясцовых яўрэйскіх могілках падчас вайны было знішчана многа цыганоў.
Мемарыяльная шыльда на камяні пры ўваходзе сцісла распавядае, што тут былі расстраляныя і пахаваныя 1740 яўрэяў, 838 цыганоў, 483 салдат чырвонай арміі і сотні жыхароў іншых нацыянальнасцяў. Колькасць дакладна не высветленая.
Аляксандр Басяцкі жагнаецца па-праваслаўнаму, запальвае свечку і пачынае хуценька чытаць малітву па-цыганску, пасля чаго лье на зямлю побач з каменем крыху каньяку, каб, згодна з цыганскай традыцыяй, памянуць памерлых.
“Мы нічога не ведаем пра людзей, якія тут пахаваныя, аніякіх дакументаў не захавалася. Шмат гадоў таму я знайшоў ва Уздзе старую жанчыну, якая была сведкай тых падзей. На ўсё жыццё ёй запомнілася маладая прыгожая цыганка, якую прывялі на расстрэл разам з маленькай дачушкай. Яна разумее, што ніяк не зможа яе абараніць ці выратаваць, і тады накрывае твар дзіцяці сваёй спадніцай і разам з ім падае ў яму. А яшчэ памятаю расповед адной старой яўрэйкі — вязніцы Асвенцыма, якая распавяла, як да іх у канцлагер прывезлі цыганоў. “Што яны выраблялі! — здзіўлялася яна. — Усю ноч спявалі і танчылі так, што ажно сцены дрыжэлі. Раніцай іх усіх расстралялі”. Яны ведалі, што гэта іх апошняя ноч, і не хацелі правесці яе ў суме…”
Аляксандр расказвае, што ўсе нашчадкі беларускіх цыганоў, пацярпелых падчас Дугой сусветнай вайны, атрымалі кампенсацыі ад Германіі:
“Уласна беларускіх цыганоў пасля вайны амаль не засталося — вынішчылі пад корань. Цяпер большая частка цыганоў, якія жывуць у Беларусі, — тыя, хто калісьці пераехаў сюды з Расіі, Украіны, Літвы ці Малдовы. У іх іншыя традыцыі, мова, таму часам цяжка знайсці паразуменне, асабліва з расійскімі. Тое, што дазваляе сабе рускі рома, ніколі не дазволіць беларускі”.
“Мы толькі 60 гадоў таму выйшлі з лясоў ды палёў і перасталі вандраваць”
З Узды накіроўваемся ў Калодзішчы, дзе ў доме Аляксандра збіраюцца на свята яго сябры і родныя. Па дарозе ён працягвае аповед пра беларускіх цыганоў:
“Ад сталінскіх рэпрэсій нас выратоўваў вандроўны лад жыцця: сёння тут, а заўтра — ужо там. Паспрабуй злавіць! Але цыганоў таксама рэпрэсавалі, калі лавілі. Горш за ўсё цыганам стала ў часы Хрушчова, ён выдаў закон аб бадзяжніцтве. Калі мне кажуць: “Вой, вы цыганы — такія-сякія, неадукаваныя!” Я заўсёды спакойна адказваю: проста дайце нам час. Мы толькі 60 гадоў таму выйшлі з лясоў ды палёў і перасталі вандраваць…”
“11 гадоў у школе, 5 гадоў у інстытуце, а потым яна забудзе пра цыганскія звычаі і традыцыі”
У каларытным доме Аляксандра, які не пераблытаеш ні з адным іншым, дзякуючы каляровай плітцы, якой ён абкладзены, ужо чакаюць госці. Яны адмыслова гатуюць мяса на грылі.
“Вось так убачыць, каб мужчыны гатавалі, — гэта вялікая рэдкасць. У нас гэтым займаюцца ў асноўным жанчыны, — усміхаецца трыццацідвухгадовы Саша. — Без мяса цяжка ўявіць традыцыйны цыганскі стол. Раней, калі яшчэ вялі вандроўны лад жыцця, пры яго гатаванні абавязкова дадавалі лясныя травы, дзякуючы ім мяса набывала адмысловы водар і смак. Сапраўднай цыганскай стравай з’яўляецца тушаны з бульбай вожык. Старыя людзі і дагэтуль яго гатуюць, але, як па мне, то гэта досыць спецыфічная страва: вожык жа тлусты, ды і пах своеасаблівы”.
За стол сядаюць адны мужчыны.
“Не прынята, каб жанчыны сядзелі за адным сталом з мужчынамі, — распавядае Аляксандр Басяцкі. — Нават на вяселлі такога няма. Толькі ўявіце: я хачу пагутарыць з мужчынамі па-мужчынску, узняць келіх, а тут мяне жонка за руку тузае і кажа — не пі больш! Як пасля такога людзям у вочы глядзець? Жанчынам — жаночыя справы, мужчынам — мужчынскія”.
На святочным стале стаіць некалькі бутэлек гарэлкі і каньяку. У вялізнай місцы нарэзаная салата з капусты, агуркоў ды перцу. Побач стаіць талерка з кавалкамі лімона, які прысутныя з задавальненнем выціскаюць на мяса, таксама дадаюць да яго аджыку, хрэн і кетчуп, каб, па іх словах “не есці на сухую”. Каля стала завіхаецца светлавалосая жанчына славянскай знешнасці — памочніца па гаспадарцы ў доме Аляксандра. Яна прыносіць новыя талеркі з парэзанай каўбасой. “На ура” ўспрымаюцца вялізныя вазы з цукеркамі.
Паміж сабою цыганы размаўляюць на рускай мове, па-мастацку ўплятаючы ў гутарку і беларускія словы. Час ад часу яны ўсё ж такі пераходзяць на цыганскую, за што просяць у нас прабачэння.
Раптам да нашага стала падыходзяць новыя госці — муж з жонкай, яны спецыяльна прыехалі сюды, каб запрасіць на вяселле свайго сына.
“Згодна з нашымі традыцыямі, мы мусім кожнага асабіста запрашаць на вяселле, — распавядае Вольга. — Вельмі адказна да гэтага ставімся, бо госці павінны быць сапраўды годнымі людзьмі”.
“Звычайна бацькі пачынаюць шукаць суджаных для сваіх дзяцей, калі тым спаўняецца 14-15 гадоў, — уступае ў размову 35-гадовы Руслан. Ён цяпер акурат шукае нявесту свайму 17-гадоваму сыну. — Жаніх ці нявеста абавязкова мусяць быць з сям’і з добрай рэпутацыяй”.
У Руслана ёсць на прыкмеце некалькі добрых дзяўчат, але сын пакуль адмаўляецца ад вяселля, бо хоча скончыць школу і атрымаць вышэйшую адукацыю.
“Але нам гэта зусім не патрэбна, асабліва, калі справа тычыцца дзяўчат, — адказвае Аляксандр Басяцкі. — 11 гадоў у школе, 5 гадоў у інстытуце, а потым яна забудзе пра цыганскія звычаі і традыцыі, бо зашмат часу правяла сярод беларусаў. Раннія шлюбы — гэта добра, бо моладзь разам сталее, лепш разумее адно аднаго. Сям’я для нас — асноўная каштоўнасць, разводы адбываюцца вельмі рэдка. Гуляй з кім хочаш, але да жонкі ты мусіш вярнуцца заўсёды. Каб не трымаліся моцна сваіх каранёў, даўно б зніклі”.
“У нас каханне нараджаецца ад сумеснага пражывання, — разважае Руслан. — А не таму, што спачатку моцна-моцна пакахалі адно аднаго, а потым, як часта здараецца, так жа хутка і перагарэлі. Першы раз мы з будучай жонкай збеглі ў 14 гадоў, але бацькі нас вярнулі ў сем’і, потым — праз тры гады, і ўсе былі вымушаныя прызнаць наш шлюб”.
Па словах Аляксандра Басяцкага, цыганы вельмі рэдка афіцыйна рэгіструюць свае адносіны, толькі калі прыйдзе сапраўдная патрэба ў гэтым:
“Для нас самае галоўнае — гэта царкоўны шлюб, нельга жыць без духоўнага падмурка, які дае вера ў Бога”.
Падчас цыганскага вяселля нявеста мусіць прайсці абавязковы тэст на цнатлівасць: пасля першай шлюбнай ночы прасціну з крывёю ўрачыста выносяць да гасцей, дзе жанчыны сталага веку правяраюць яе на сапраўднасць — льюць крыху водкі на пляму, каб пераканацца, што яна не падробная.
“Падатак на дармаедства? Што рабіць, будзем, як усе, плаціць…”
Цікавімся ў нашых суразмоўцаў, як яны ставяцца да падатку на дармаедства.
“Сёння складаны час. Мяне гэтая праблема не закранула, але я ведаю, што для многіх цыганоў, асабліва перадпенсійнага ўзросту, якія збольшага не маюць добрай адукацыі, вельмі цяжка знайсці сабе працу, — канстатуе Саша. — Ды, як паказвае практыка, тут і з дыпломам многім цяжка знайсці працу. Падатак на дармаедства? Што рабіць, будзем, як і ўсе, плаціць…”