Да пяці гадоў турмы пагражае гомельскаму актывісту за фразу, сказаную ў судзе
Уладзімір Няпомняшчых / Еўрарадыё
Гомельскага актывіста, пенсіянера МУС і сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Уладзіміра Няпомняшчых абвінавачваюць у пагрозе службовай асобе пры выкананні ёй службовых абавязкаў (ч. 1 арт. 366 КК РБ). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да 5 гадоў пазбаўлення волі, паведамляюць гомельскія праваабаронцы.
< p>Няпомняшчых з 23 снежня знаходзіцца ў СІЗА Гомеля. Падставай для яго затрымання стаў эпізод у судзе, дзе абвяшчалі прысуд па крымінальнай справе за падняты на флагштоку бел-чырвона-белы сцяг. Няпомняшчых адрэагаваў на агучаны прысуд фразай "Арганізаваная злачынная група". Памочнік пракурора Гомеля Алеся Жураўская расцаніла гэта як пагрозу."Я нікому не пагражаў. Калі Васіленку судзілі за замену дзяржаўнага сцяга на плошчы, пасля прысуду я сказаў, што адказнасць за гэта будуць несці ўсе", — каментаваў да арышту свае словы 68-гадовы актывіст.
Уладзімір Няпомняшчых — былы міліцыянт, да 1992 года працаваў оперупаўнаважаным у Гомелі. Пасля выхаду на пенсію займаўся прадпрымальніцтвам. Уступіў у АГП.
У гэтым годзе спрабаваў высунуць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Беларусі, ішоў у кампанію як "кандыдат пратэсту". У чэрвені ён разважаў у эфіры Еўрарадыё, чаму не верыць у мірныя перамены і ці можа беларуская міліцыя перайсці на бок пратэстоўцаў.
Няпомняшчых не быў зарэгістраваны кандыдатам, таму што не змог сабраць дастатковую колькасць подпісаў. Але набыў вядомасць, у тым ліку і калі прыйшоў на тэледэбаты ў майцы "За Беларусь без Лукашэнкі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.