Да ўладальніцы ордэна Маці прыйшлі праверкі з сацслужбы пасля фота з плакатам
Пракуратура ініцыявала праверку сям'і ўладальніцы ордэна Маці Вольгі Жадзеевай пасля таго, як яе дзеці заявілі, што хочуць жыць у Беларусі без гвалту.
Вольга Жадзеева — модны эксперт, галоўная рэдактарка праекта Pret-a-portal.BY і мама пяці дзяцей. Два гады таму яна была ўзнагароджаная ордэнам Маці.
Але нядаўна жанчыне затэлефанаваў дырэктар школы, дзе вучацца трое яе дзяцей. Бацькоў запрасілі на асабістую сустрэчу. Выявілася, што пракуратура паведаміла, што Жадзеева разам з дзецьмі прыняла ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Таму школе загадалі праверыць, ці адпавядае гэтая сям'я заканадаўству аб сацыяльна небяспечным становішчы (СНС).
Па словах Жадзеевай, у якасці доказ яе ўдзелу ў акцыі быў скрыншот фатаграфіі, на якой яны з дачкой стаяць у ланцугу салідарнасці ў Лебядзіным.
"Але гэта не было нейкае масавае мерапрыемства. 14 жніўня ў дачкі быў дзень нараджэння. Мы прапаноўвалі ёй схадзіць у аквапарк або ў піцэрыю, але яна сама вырашыла тады, што гэта недарэчна, улічваючы падзеі ў краіне. Дзеці намалявалі плакат, дзе было напісана "Я хачу жыць у Беларусі без гвалту", мы купілі цукеркі і пачаставалі імі нашых суседзяў", — цытуе словы Жадзеевай сайт rebenok.by.
Фатаздымак з дня народзінаў жанчына выклала ў сацсеткі, а там яго заўважылі пракурорскія работнікі.
У рамках сацыяльнага расследавання да сям'і прыходзілі правяраць жыллёвыя ўмовы. Сацыяльныя педагогі запытваліся ў паліклінікцы, ці не стаяць бацькі на ўліку ў якім-небудзь з дыспансераў. Правяралі, ці не скардзяцца суседзі на бойкі і п'янства ў сям'і. Была нават спецыяльная дыягностыка ў школе для дзяцей і бацькоў — правяралі якасць адносін у сям'і.
"Усяго два гады таму нашу сям'ю правяралі, каб даць мне ордэн Маці, а цяпер высвятлялі, ці не знаходзяцца нашы дзеці ў сацыяльна небяспечным становішчы. Вядома, гэта вялікі стрэс, калі табе трэба даказваць, што ты нармальная мама", — адзначае Жадзеева.
Жанычна кажа, што настаўнікі і сацыяльныя педагогі ставіліся да іх сітуацыі з максімальным разуменнем. На пасядэжнні камісіі яны сказалі, што да сям'і няма ніякіх прэтэнзій.
Разам з тым Вольга Жадзеева асцерагаецца, што гэтая гісторыя можа мець працяг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.