Дацкая паліцыя: Тэрарыст, які зладзіў страляніну ў Капенгагене, ліквідаваны
Мужчыну падазраюць у забойстве двух чалавек. Яшчэ чатырох ён параніў.
Паліцыя ў Капенгагене паведаміла, што застрэліла мужчыну, якога падазраюць у двух нападах у дацкай сталіцы ў суботу. Ахвярамі нападаў сталі два чалавекі.
Як перадае ВВС, мужчына адкрыў агонь па паліцыянтах у капенгагенскім раёне Норэбро і ў адказ быў імі забіты.
Паводле інфармацыі "Інтэрфакса", раней адбыўся тэракт падчас дэбатаў пра свабоду самавыяўлення ў капенгагенскай кавярні з удзелам Ларса Вілкса — шведскага мастака-аўтара карыкатур на прарока Мухамеда. Падчас страляніны адзін чалавек быў забіты і яшчэ два параненыя.
Потым у галоўнай сінагозе дацкай сталіцы быў застрэлены 55-гадовы ахоўнік-габрэй і яшчэ два паліцэйскія параненыя.
Дацкая паліцыя лічыць, што абодва напады ўчыніў адзін і той самы чалавек, які дзейнічаў у адзіночку.
Фота — Reuters, AP