Дадаць у сябры? З кім рукаліся беларускія дыпламаты сёлета
Аматар дарагіх гадзіннікаў, наследны прынц з сумнеўнай рэпутацыяй і "кракадзіл", які змяніў на пасадзе дыктатара
Беларусь даўно ні з кім не ўстанаўлівала дыпадносін, а ў пачатку гэтага лета ўстанавіла — з каралеўствам Эсваціні. Гэта апошняя абсалютная манархія ў Афрыцы.
Мы вырашылі паглядзець, каму яшчэ беларуская дыпламатыя падала руку сёлета і чым вядомыя кіраўнікі гэтых краін.
Эсваціні. Кароль з калекцыяй дарагіх гадзіннікаў і беднымі падданымі
Хутчэй за ўсё, вы ведаеце Эсваціні пад яе папярэдняй назвай — Свазіленд. Але кароль вырашыў, што "Свазіленд" па-ангельску гучыць амаль як "Швейцарыя" ("Switzerland"), і, каб ніхто нічога не блытаў, пераназваў краіну. Новая назва Эсваціні перакладаецца як "зямля Свазі".
Акрамя сугучча назвы, са Швейцарыяй у гэтага каралеўства мала агульнага. Нашмат больш — з сучаснай Беларуссю.
Што тут дазволена каралю? Ды ўсё. Гэта ж абсалютная манархія. Кароль прызначае кабінет міністраў, прэм'ер-міністра і суддзяў, зацвярджае законы, прапанаваныя парламентам, і камандуе ўсімі сіламі бяспекі Эсваціні.
Палітычныя партыі забароненыя з 1973 года. Аднак парламент у краіне ёсць, толькі балатавацца ў яго можна выключна ў якасці незалежнага кандыдата. Парламент не можа крытыкаваць караля ці ўрад і прымаць супраць іх хоць нейкія меры.
Што са СМІ? Урад цалкам кантралюе ўсе медыя. Адзіны "прыватны" тэлеканал належыць каралеўскай сям'і. Журналісты могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за крытыку ўрада, кажуць "Рэпарцёры без межаў". А ВВС у сваім аглядзе медыя піша, што самацэнзура тут — звычайная рэч.
Яшчэ караля крытыкуюць за палігамны і раскошны лад жыцця. У яго 15 жонак. Ён ездзіць на дарагіх аўтамабілях і носіць дарагія гадзіннікі. Мы пішам пра гэта не таму, што беларускія журналісты любяць палічыць, колькі каштуюць чужыя гадзіннікі. Проста больш чым траціна жыхароў Эсваціні жыве за рысай беднасці, так што багацце караля ўсіх трошкі крыўдзіць. Дарэчы, у яго жонак ёсць па палацы, аўтамабілі і асабісты парк аховы. А ў 25% падданых караля ёсць ВІЧ.
Калі 10 гадоў таму кароль святкаваў чарговы дзень нараджэння, міністр унутраных спраў прынц Гкакома заклікаў простых жыхароў каралеўства ахвяраваць сваіх кароў для народных гулянняў. І гэта таксама трошкі пакрыўдзіла беднякоў Эсваціні (у адрозненне ад іх, кароль тады ўваходзіў у лік пяці самых багатых манархаў Афрыкі).
У 2021 годзе па краіне пракацілася хваля пратэстаў, людзі заклікалі да пераменаў. У сутыкненнях паміж дэманстрантамі і сілавікамі загінула як мінімум 46 чалавек (Human Rights Watch). Урад аспрэчвае гэтую лічбу і кажа, што сілавікі адказвалі на агрэсіўны напад дэманстрантаў.
А што кажуць у беларускім МЗС? Устанаўленне двухбаковых адносін з каралеўствам падаецца як вялікае дасягненне ў знешняй палітыцы.
Саудаўская Аравія. Наследны прынц, якога падазравалі ў заказным забойстве журналіста
З гэтым нафтавым каралеўствам даводзіцца сябраваць не толькі Беларусі. Нават прэзідэнту ЗША Джо Байдэну няпроста лавіраваць паміж нежаданнем ціснуць руку наследнаму прынцу Мухамеду ібн Салману і нежаданнем убачыць рост цэн нафты (які быў бы на руку Расіі).
Але, у адрозненне ад Джо Байдэна, у беларускага МЗС з саудаўскім каралеўствам не "ўсё складана", а "па каханні". Сёлета ў Саудаўскую Аравію з'ездзілі і міністр, і намеснік міністра замежных спраў.
Тут кароль таксама можа ўсё — гэта таксама абсалютная манархія. Але ў асноўным улада цяпер сканцэнтраваная ў руках яго сына, наследнага прынца.
Вы напэўна памятаеце гісторыю жорсткага забойства і расчлянення журналіста Джамаля Хашогі ў аравійскім консульстве ў Стамбуле? Журналіст зайшоў у консульства, каб аформіць дакументы для вяселля, і не выйшаў адтуль. Яго цела расчлянілі і спалілі. Рэшткі вынеслі з дыпламатычнага прадстаўніцтва па частках. Увесь гэты час яго нявеста чакала звонку.
Унутранае расследаванне Саудаўскай Аравіі было больш чым спрэчным. А ЦРУ прыйшло да высновы, што заказчыкам забойства быў наследны прынц Саудаўскай Аравіі, але ён (дагэтуль) не трапіў на лаву падсудных. Ён працягвае адмаўляць сваё дачыненне да гэтага гучнага злачынства і (нібыта) праводзіць дэмакратычныя рэформы. І за гэта яго час ад часу нават хваліць міжнародная грамадскасць.
А што кажуць у беларускім МЗС? Даюць "пазітыўную ацэнку адноўленай дынаміцы развіцця палітычных, эканамічных, гуманітарных сувязяў Беларусі і Саудаўскай Аравіі, актывізацыі кантактаў бізнес-супольнасці дзвюх краін".
Зімбабвэ. "Кракадзіл", які прыйшоў на змену дыктатару
Афіцыйны Мінск сябраваў і з папярэднікам Мнангагвы — дыктатарам Робертам Мугабэ, які кіраваў краінай 37 гадоў. "Кракадзілам" наступнага прэзідэнта празвалі за бязлітаснасць.
Калі ён змяніў Мугабэ, то абяцаў народу новае жыццё. Але новае жыццё пачалося не вельмі добра. Цэны на паліва выраслі на 130%, і людзі выйшлі на вуліцы — яны пратэставалі супраць беднасці ў цэлым. Усё доўжылася тры дні, і за гэты час загінула 12 чалавек, больш за 600 арыштавалі.
У 2023 годзе ў Зімбабвэ прайшлі выбары, Мнангагва на іх пераабраўся з невялікай перавагай, і жыццё пацякла па-старому. Апазіцыя патрабавала прызнаць выбары несапраўднымі, але прэзідэнт паабяцаў суровыя меры ўсім, хто паспрабуе "сеяць хаос":
"Той, хто будзе прапаведаваць распальванне нянавісці, будзе несці адказнасць, нашы турмы не перапоўненыя".
У краіне высокая інфляцыя, высокае беспрацоўе. У сферы захавання правоў чалавека з часоў Мугабэ таксама няшмат што змянілася.
А што кажа беларускае МЗС? Беларуская дыпламатыя пачала гэты год з уручэння даверчых грамат зімбабвійскаму прэзідэнту. Заадно абмяркоўвалі, як ідзе падрыхтоўка першага пасяджэння сумеснай пастаяннай камісіі па супрацоўніцтве Беларусі і Зімбабвэ.
Філіпіны. Адна з самых небяспечных краін для журналістаў у свеце
Наогул, Філіпіны — нармальная краіна, там ёсць змяняльнасць улады, а дзейны прэзідэнт з сям'ёй лётаў на канцэрт Coldplay.
Але чаму тады журналістка Марыя Рэса з гэтай краіны атрымала Нобелеўскую прэмію міру разам з рэдактарам расійскай "Новай газеты" Дзмітрыем Муратавым? Таму што Філіпіны — адно з самых небяспечных месцаў у свеце для журналістаў. А "Рэпарцёры без межаў" кажуць, што журналістам там пагражаюць найміты, да паслуг якіх часта звяртаюцца мясцовыя палітыкі.
А што беларускае МЗС? Ды проста ўручае даверчыя граматы прэзідэнту. Зразумела, што не Беларусі турбавацца наконт захавання правоў журналістаў у свеце.
* * *
Гэта вельмі няпоўны спіс краін, з якімі беларуская дыпламатыя завязвала і наладжвала адносіны сёлета. А цяпер нагадаем, якой была знешняя палітыка Беларусі некалькі гадоў таму:
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.