ДАІ праводзіць праверку па ДТЗ, у якое трапіла Дар’я Домрачава
ДАІ Цэнтральнага раёна Мінска праводзіць праверку па факце ДТЗ, у якое 23 ліпеня трапіла Дар’я Домрачава. Толькі пасля яе будзе зразумела, ці будзе біятланістка аштрафаваная.
Пры гэтым у ДАІ Еўрарадыё паспяшаліся запэўніць, што ніякіх прэтэнзій да алімпійскай чэмпіёнкі па біятлоне не маюць. бо слупок-болард, на які наехала Домрачава, падчас сутыкнення не быў пашкоджаны.
"Болард не пашкоджаны, у ДАІ прэтэнзій да дзяўчыны-кіроўцы няма. Цяпер праводзіцца праверка па факце ДТЗ, па выніку якой будзе вядома, ці атрымае кіроўца нейкі штраф", ― паведаміў Еўрарадыё прадстаўнік ДАІ Цэнтральнага РУУС.
23 ліпеня прыкладна а 18-й BMW X6, які Дар’і Домрачавай падарылі на дзень нараджэння, наехаў на болард у арцы за ўніверсамам “Цэнтральны” ў Мінску. Дар’я спрабавала заехаць у так званы “п’яны дворык” з вуліцы Энгельса, з боку Кастрычніцкай плошчы.