ДАІ прымусіць аўташколы натрэніроўваць курсантаў у горадзе

Да таго, ж яны прапануюць павялічыць час практычнага іспыту з 20 да 30 хвілінаў
З 1 жніўня 44 з 420 аўташкол Беларусі былі часова зачыненыя. Але намеснік начальніка рэспубліканскага ДАІ Ігар Ваніцкі кажа, што каб была яго воля, сваю дзейнасць перапынілі б значна больш аўташкол.

Ігар Ваніцкі: “Немагчыма за 30 гадзін навучыць чалавека ездзіць на машыне. Тым больш, калі справа тычыцца Мінску, у такіх шчыльных транспартных патоках, якія цяпер у сталіцы”.

Паводле статыстыкі, пачынаючы з 2006 года ў краіне значна павялічылася колькасць аварый з удзелам маладых кіроўцаў са стажам да 3 гадоў. ДАІ ў гэтым вінаваціць аўташколы. Патлумачыў намеснік начальніка рэспубліканскага ДАІ Ігар Ваніцкі Еўрарадыё, чаму маладыя кіроўцы сталі часцей трапляць у аварыі.

Ігар Ваніцкі: “Першы год чалавек яшчэ не адчуў машыну, у яго спрацоўвае пачуццё самазахавання. Праз два гады яму падаецца, што ён ужо ўсё ведае, і пачынае ціснуць на “гашэтку”, і ў гэтых транспартных патоках парушае хуткасныя рэжымы”.

Па словах намесніка начальніка ДАІ, яны прапануюць не натрэніроўваць маладых кіроўцаў толькі на пляцоўках і правераных маршрутах, а больш катаць па горадзе. Ігар Ваніцкі прызнаўся Еўрарадыё, што калі вучыў сваіх дзяцей ездзіць, то рабіў гэта на вуліцах начнога Мінску.

Ігар Ваніцкі: “Дастаткова цяжка змагацца з прадстаўнікамі Міністэрства транспарту, каб яны не натрэніроўвалі маладых кіроўцаў толькі на пляцоўках і правераных маршрутах, а больш каталі па горадзе людзей. Больш за тое, мы выходзім з ініцыятывай у Саўмін, каб час практычнага іспыту павялічыць з 20 да 30 хвілінаў”.

Крыху больш за год таму функцыі кантролю за якасцю навучання ў аўташколах былі перадазеныя ад ДАІ Мінтрансу. Ігар Ваніцкі кажа, што калі раней праверкамі аўташкол займаліся 200 інспектараў, то цяпер гэтыя абавязкі ўскладзеныя на 10 супрацоўнікаў Мінтрансу. Больш таго, міністэрства хоча і іспыты ў кіроўцаў прымаць.

Ігар Ваніцкі: “Пагадзіцеся, не можа адна і тая ж арганізацыя вучыць, а потым, практычна, сама ў сябе прымаць іспыты”.

Згодна з гэтым і дырэктар аўташколы “Сігнал-плюс” Ірына Сяверына.

Ірына Сяверына: “Кантралючы орган павінен быць адзін. Хто прымае іспыт, той і павінен кантраляваць. Мне, да прыкладу, больш падабалася, калі кантралявала ДАІ”.

Сам намеснік начальніка рэспубліканскага ДАІ пачаў кіраваць аўтамабілем з 7-гадовага ўзросту – бацька за стырно садзіў і вучыў. Менавіта таму лічыць, што правілам паводзінаў на дарозе трэба вучыць з маленства. І прапаноўвае ўвесці спецыяльны курс у школах.

Ігар Ваніцкі: “І за 11 гадоў мы прыйдзем да таго, што ў чалавека ў падкорцы будуць закладзеныя паважныя адносіны адзін да аднаго на дарозе”.

А вось з абвінавачваннямі ДАІ ў нездавальняючай якасці падрыхтоўкі кіроўцаў дырэктар аўташколы не згодная. На яе думку, усё залежыць ад таго, сам ты купіў сабе машыну, ці яе падаравалі бацькі.

Ірына Сяверына: “Сур’ёзна ставяцца да навучання толькі тыя, хто сам, за свае грошы купіў транспартны сродак, а не тыя, каму іх купілі бацькі”.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі