ДАІ заявіла, што інспектара ў Мінску збіў матацыкліст (фота)

ДАІ заявіла, што інспектара ў Мінску збіў матацыкліст (фота)

ДАІ заявіла, што інспектара ў Мінску збіў матацыкліст. Раней паведамлялася, што даішнік спрабаваў "уручную" спыніць матацыкліста і трапіў пад аўтамабіль. Здарэнне адбылося раніцай 18 красавіка на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова.

Па версіі ДАІ, каля 10.50 экіпаж ДАІ, які рухаўся па праспекце Машэрава з боку Чырвонай вуліцы ў бок праспекта Незалежнасці, заўважыў матацыкліста на "Сузукі", які рухаўся з парушэннямі правілаў дарожнага руху, без рэгістрацыйнага нумару. Было вырашана яго затрымаць для разбіральніцтва. "Супрацоўнік ДАІ падыйшоў да кіроўцы матацыкла, прадставіўся і запатрабаваў прад'явіць дакументы, аднак матацыкліст дадзенае патрабаванне праігнараваў і паспрабаваў з'ехаць. Пры гэтым здзейсніў наезд на інспектара ДАІ, а затым сутыкненне з іншым транспартным сродкам", — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што матацыклісту 31 год, ён — ураджэнец Жлобіна. Раней яго 52 разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР, яго неаднаразова пазбаўлялі пасведчання кіроўцы за парушэнне хуткасных рэжымаў руху.

Агенцтва "Мінск-навіны", са слоў відавочцаў, піша, што пасля таго, як даішнік паспрабаваў затрымаць матацыкліста і схапіўся за яго, апошні раптоўна стартаваў і пацягнуў міліцыянера за сабой на сярэдзіну скрыжавання, і іх абодвух збіў аўтамабіль (машына інкасацыі, яна рухалася па праспекце Незалежнасці ў бок плошчы Перамогі). "Хуткая" была на месцы здарэння ўжо праз некалькі хвілін, інспектара ДАІ, які атрымаў сур'ёзныя траўмы, павезлі ў бальніцу хуткай меддапамогі. Яму зрабілі аперацыю, цяпер афіцэр знаходзіцца ў рэанімацыі.

Вядома, што пацярпелы — капітан міліцыі, інспектар дарожна-патрульнай службы спецпадраздзялення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, якое адсочвае галоўныя магістралі сталіцы. "Мінск-навіны" сцвярджае, што быў шпіталізаваны і матацыкліст.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі