Дамы якіх галівудскіх зорак пацярпелі ад пажараў
Пэрыс Хілтан і руіны яе дома
Разбуральныя пажары ў Лос-Анджэлесе забралі жыцці 24 чалавек. З пачатку ўзгарання 7 студзеня агонь працягвае пагражаць гораду, і сіноптыкі прагназуюць новыя ўспышкі на бягучым тыдні. Улады эвакуявалі каля 180 тысяч жыхароў, а полымя знішчыла каля 10 тысяч будынкаў.
Стыхія не абмінула і маёмасць галівудскіх зорак. Дамы Тома Хэнкса і Марка Хэміла ацалелі, нягледзячы на небяспечную блізкасць да агню. Аднак некаторыя знакамітасці страцілі свае раскошныя асабнякі, якія згарэлі дашчэнту.
Энтані Хопкінс — дом за 6 мільёнаў долараў
Уладальнік “Оскара” за галоўную ролю ў фільме “Маўчанне ягнят” набыў свой дом у раёне Пасіфік-Палісэйдс у 2021 годзе за 6 мільёнаў долараў. Паведамляецца, што ён быў выкананы ў класічным каланіяльным стылі, там было чатыры спальні і пяць ванных пакояў. Цяпер жа ад яго застаўся абгарэлы плот.
Што цікава, у 2018 годзе папярэдні дом Хопкінса таксама ледзь не згарэў ад пажару (тады пацярпеў яго сусед). А ў 2000 годзе актор згубіў свой дом падчас пажару ў Лондане.
Пэрыс Хілтан — дом за 8,4 мільёна долараў
Галівудская селеба на мінулым тыдні паказала сваім падпісчыкам руіны свайго дома на ўзбярэжжы Малібу. Яго кошт у 2021 годзе складаў 8,4 мільёна долараў.
У відэа, якое Пэрыс зняла ў Instagram, яна каментавала кадры словамі: “Маё сэрца разбілася на мільёны аскепкаў”.
Мэл Гібсан — дом за 14,5 мільёна долараў
“Мэд Макс”, зорка “Адважнага сэрца”, актор і рэжысёр Мэл Гібсан распавёў у інтэрв'ю NewsNation, што яго дом у Малібу згарэў у выніку пажару, але яго куры выжылі.
"Гэта было дзіўна. Яны былі ў парадку, таму мы далі ім трохі зерня і трохі вады, і яны шчаслівыя, нясуць яйкі, і іншае. Дык вось, яны не былі смажанымі курамі”, — расказаў Гібсан.
Білі Крыстал — дом за 9 мільёнаў долараў
76-гадовы акцёр, які атрымаў "Эмі", і яго жонка Джэніс Крыстал праз пажары былі вымушаныя пахаваць свой дом у Пасіфік-Палісэйдс, у якім пражылі 46 гадоў. Асабняк коштам 9 мільёнаў долараў згарэў яшчэ ў самым пачатку пажараў у чацвер.
“Вядома, у нас разбітае сэрца, але з любоўю нашых дзяцей і сяброў мы перажывём гэта. Мы молімся за бяспеку пажарных і служб хуткага рэагавання”, — пракаментавала разбурэнні галівудзкая пара.
Бонус: Бэн Афлек
Бэн Афлек быў вымушаны эвакуявацца з новенькага асабняка ў Пасіфік-Палісейдс коштам 20,5 мільёна долараў. Актор набыў яго ўсяго пяць месяцаў таму пасля разводу з Джэніфер Лопес.
Афлека сфатаграфавалі падчас яго спешнага ад'езду з дома ў мінулы аўторак, калі ён паехаў да сваёй былой жонкі Джэніфер Гарнер у суседні Брэнтвуд праз некалькі гадзін пасля ўзнікнення небяспечнага пажару.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.