Дарафеева: Як дэпутат не змагу надаваць шмат увагі канцэртнай дзейнасці

Дарафеева: Як дэпутат не змагу надаваць шмат увагі канцэртнай дзейнасці

Спявачка і загадчык кафедры ўніверсітэта культуры Ірына Дарафеева атрымала дэпутацкі мандат. Цікавімся, навошта яна ідзе ў парламент.

Еўрарадыё: Як успрынялі інфармацыю, што сталі дэпутатам парламента?

Ірына Дарафеева: Да гэтага часу не верыцца! Але праца была зробленая вялізная: і маім штабам, і маёй ініцыятыўнай групай. Падчас кампаніі ў паветры лунала ўпэўненасць, што перамога будзе, але ўсё адно, вельмі ўсё хвалююча і нечакана. Бо ў маім жыцці цяпер адбудуцца вялікія змены: будзе новая, яркая і складаная праца.

Еўрарадыё: Дэпутат парламента абавязаны звольніцца са сваёй працы — вы гатовыя адмовіцца ад канцэртнай дзейнасці, працы ў “Тэатра песні Ірыны Дарафеевай”, ад выкладання ва ўніверсітэце культуры?

Ірына Дарафеева: Зразумела, што надаваць столькі ўвагі, як раней, сваёй канцэртнай дзейнасці не атрымаецца — усю актыўнасць я накірую на працу ў парламенце. Каб вырашаць праблемы сваіх выбаршчыкаў. І на тое, каб як мага глыбей унікнуць у новую працу. А што да “Тэатра песні Ірыны Дарафеевай”, то калектыў існуе, у мяне ўжо добрая каманда, шмат таленавітых маладых артыстаў. Мяркую, удзельнікі “Тэатра песні Ірыны Дарафеевай” змогуць паспяхова і без мяне выступаць, а можа, некалі і я змагу далучыцца. Калі казаць пра дзейнасць выкладчыка, то засталіся вельмі яркія праекты нашага ВНУ. Гэта мюзікл “Дуброўскі” і мюзікл “Казанова”, прэм’ера якога ў лістападзе. Вядома, я буду на грамадскіх пачатках удзельнічаць у жыцці ўніверсітэта, дапамагаць. І на палову стаўкі ўсё ж пакінула сабе некалькі сваіх самых любімых студэнтаў, якіх хочацца давучыць.

Еўрарадыё: Ёсць ідэі нейкага законапраекта, а можа, ужо і гатовы законапраект, які б вы хацелі прапанаваць да разгляду парламенту?

Ірына Дарафеева: Ідэй шмат. Але трэба падумаць, каб гэта былі планы канструктыўныя, якія магчыма ажыццявіць. У большасці краін свету культура і нават усё мастацтва выжываюць за кошт мецэнацтва. Мне хацелася б больш падрабязна прапрацаваць гэтую тэму. Каб у далейшым людзі, якія гатовыя падтрымліваць розныя галіны культуры і мастацтва, нейкія сацыяльныя праекты, маглі гэта рабіць адкрыта і атрымліваць за гэта нейкія падатковыя паслабленні.

Ірына Дарафеева прыйдзе заўтра ў студыю Еўрарадыё, каб больш падрабязна расказаць і пра сваё рашэнне пайсці ў дэпутаты, і пра будучае сваёй кар’еры спявачкі, і пра планы на бліжэйшыя чатыры гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі