Дар’я Домрачава перамагла ў масстарце ў Оберхофе
Перамога ў гонцы на 4-м этапе Кубка свету па біятлоне дазволіла беларускай спартсменцы перасунуцца на другі радок у кубкавым заліку.
11 студзеня ў нядзелю прайшла жаночая гонка з масавым стартам у Оберхофе, дзе адбываецца 4-ты этап Кубка свету па біятлоне. Дар’я Домрачава выйшла ў лідары на першым жа адрэзку дыстанцыі, апярэдзіўшы сваю галоўную канкурэнтку Кайсу Макярайнен. Праўда, хуткасць далася ў знакі абедзвюм спартсменкам — пасля першага агнявога рубяжа яны атрымалі па два штрафныя колы.
Перад другой стральбой Домрачава была больш асцярожнай на дыстанцыі, аднак усё адно атрымала яшчэ адно штрафное кола, таму на сярэдзіне гонкі была толькі 18-й. Бездакорная стральба на трэцім рубяжы дазволіла ёй зноў выбіцца ў групу лідараў, заняўшы прамежкавае трэцяе месца.
Апошняя стральба зноў скончылася штрафным колам, аднак Домрачава развіла выдатную хуткасць і змагла не толькі дагнаць лідараў, але і атрымаць на фінішы перавагу ў 14,9 секуднды.
Другое месца ў гонцы заняла чэшка Вераніка Віткава, трэцяе месца ў Тырыл Экхаф з Нарвегіі.
Яшчэ адна беларуская ўдзельніца гонкі — Надзея Скардзіна — заняла 24-е месца.