Дашкевіч распавёў, як міліцыянер сказаў "Дзякуй табе, Зміцер, за Курапаты!”
Лідар маладафронтаўцаў Зміцер Дашкевіч распавёў пра выпадак, які з ім здарыўся ў ізалятары на Акрэсціна падчас нядаўняга адбыцця там трохдзённага адміністрацыйнага арышту. У Facebook ён напісаў, што аднойчы пасля адбою па дзвярах грукаў супрацоўнік.
— Дашкевіч тут ёсць? — кажа спакойна.
— Ёсць, — адказваю я з верхняй нары.
— Падыдзі сюды, калі ласка, — выдае дзіўнае міліцыянер.
“Капец, — думаю я, — што вам і па начох ад мяне трэба?!” Саскокваю на стол, потым на лаву, прыгаю ў боты, падыходжу на дзвярэй. Праз амбразуру для вачэй глядзіць на мяне чалавек і пасля паўзы кажа: “Дзякуй табе, Зміцер, за Курапаты!” Я выпадаю ў асадак і мармычу падзяку, а той працягвае:
— Дзякуй, рэальна, вы — малайцы! Спадзяюся, 25-га ў вас усё атрымаецца. Няхай у вас атрымаецца ўсё 25-га!".
Зміцер Дашкевіч задаецца пытаннем: а колькі іх, вось такіх міліцыянераў, гатовых “нам” дзякаваць?
Як вядома, Дашкевіч быў лідарам нядаўняй абароны Курапатаў, калі было спынена будаўніцтва офіснага будынка. На 25 сакавіка ў Мінску запланаваная традыцыйная вулічная акцыя на Дзень Волі.