Дашкевіч: Сказалі: "Давай, выходзь, няма сіл цябе тут цярпець"
Палітвязень Зміцер Дашкевіч раніцай у сераду выйшаў на волю. Вось што ён распавёў Еўрарадыё пра тое, як адбывалася вызваленне.
Зміцер Дашкевіч: "Дзякуй! Адчуваю сябе добра. "Шашкі нагала" мы зараз, мітынг арганізоўваем тут... Маладафронтаўцы павінны нешта прыдумаць... Як вызвалілі? У 6.30 адчынілі дзверы і сказалі: "Давай, Дашкевіч, няма сіл цябе цярпець тут больш"... Што дапамагло вытрымаць гэтыя гады за кратамі? Госпад дапамог, каханая жонка, сябры, вернікі, усім вялізны дзякуй!"
Дашкевіч кажа, што трэба павырашаць бытавыя справы і будзе "займацца тым, чым займаўся і да зняволення".
Нагадаем, што лідар незарэгістраванай арганізацыі "Малады фронт" Зміцер Дашкевіч і яго паплечнік Эдуард Лобаў былі арыштаваныя 18 снежня 2010 года — напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Іх звінавацілі ў збіцці двух мінчукоў і асудзілі. Затрыманне і арышт маладафронтаўцаў палітыкі і праваабаронцы ацанілі як прэвентыўную меру запалохвання перад выбарамі.
У сакавіку 2011-га Дашкевіч быў асуджаны на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму, нібыта, за хуліганства. У 2012-м у глыбоцкай калоніі палітвязень атрымаў дадатковы год пазбаўлення волі за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі". З восені мінулага года Дашкевіч знаходзіўся ў гродзенскай турме.