Дашкевіч: Сённяшнія “лагеры баевікоў” такія ж, як “пацукі” 2006 года
Сілавікі затрымалі некалькі дзясяткаў “баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй”, заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка ў Магілёве падчас размовы з рабочымі прадпрыемстваў кампаніі "Кронаспан". Нібыта тыя “баевікі трэніраваліся са зброяй у лагерах, адзін з якіх “быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў”.
Лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч мяркуе, што пасля паведамлення пра джып са зброяй, які нібыта прарываўся праз беларускую мяжу з боку Украіны, веры ў расказы пра лагеры баевікоў няма ніякай.
“Відавочна, што тут ужо цэлая спецаперацыя. Невядома толькі, якія мэты ў гэтай спецаперацыі: ці то запужаць, ці то падрыхтаваць глебу для нейкіх зачыстак. Для мяне відавочна: гэтая інфармацыя — суцэльная бздура. Гэта “сухарэнкаўскія пацукі” разліву 2006 года”.
Дашкевіч кажа, што пакуль інфармацыі, што сярод нібыта затрыманых “баевікоў” ёсць нехта з вядомых яму актывістаў, не атрымліваў.
Нагадаем, Лукашэнка заявіў, што даведаліся сілавікі пра гэтыя лагеры ад адной беларускі, якая жыве ў краіне Еўрасаюза. "Жанчына прыйшла ў амбасаду і папярэдзіла, афіцыйна напісала ліст: рыхтуецца правакацыя. І мы пачалі разбірацца. І сапраўды выйшлі на вельмі цікавыя рэчы", — паведаміў Лукашэнка.
Цяпер, па словах кіраўніка Беларусі, трэба будзе дэталёва разабрацца, адкуль паступалі грошы, хто займаўся падрыхтоўкай, з якіх краін прыехалі адпаведныя людзі.
У Следчым камітэце Еўрарадыё паведамілі, што пакуль не маюць інфармацыі пра затрыманні баевікоў. Тэлефоны прэс-службы КДБ не адказваюць.