Дашкевіча і іншых затрыманых выпускаюць з Цэнтральнага РУУС Мінска
Міліцыянты адпускаюць актывістаў, затрыманых напярэдадні акцыі каля расійскай амбасады. Усе затрыманыя апынуліся ў адным РУУС — Цэнтральнага раёна Мінска.
Лідара "Маладога фронту" Змітра Дашкевіча адпусцілі каля 19.30. Пра гэта актывіст паведаміў сам у фэйсбуку. Як інфармавала Еўрарадыё, актывіста схапілі ў двары дома, закінулі ў мікрааўтобус і звезлі ў невядомым напрамку на вачах у суседзяў.
Пасля Дашкевіча з пастарунку выпусцілі Вольгу Нікалайчык. Павінны выйсці таксама Уладзімір Яроменак і Сяргей (прозвішча невядомае). Усіх іх затрымалі напярэдадні акцыі, якая мелася адбыцца каля расійскай амбасады. Маладфронтаўцы прымеркавалі акцыю да неафіцыйнага Дня беларускай вайсковай славы — Бітвы пад Оршай 1514 года.
Нягледзячы на затрыманні акцыя ўсё ж адбылася, хаця трапіць на яе здолелі толькі два чалавекі. Цягам 15 хвілінаў яны трымалі насупраць амбасады расцяжку "Акупанты — вон!".