Даследаванне: адзнакі ў школе залежаць не ад настаўнікаў, а ад генаў

Даследаванне, праведзенае камандай Каралеўскага каледжа Лондана, паказвае, што роскід ацэнак на выпускных экзаменах на 60% вызначаецца генамі вучняў.

“Навукоўцы даследавалі паспяховасць 11 тысяч ідэнтычных (якія маюць на 100% аднолькавыя гены) і паўідэнтычных 16-гадовых блізнятаў у Вялікабрытаніі. Навакольнае асяроддзе, школа і сям’я адказваюць за 36% адрозненняў у адзнаках. Астатнія адрозненні тлумачацца экалагічнымі фактарамі, унікальнымі для кожнага чалавека”,піша BBC. У даследаванні таксама гаворыцца, што вынікі ў хлопцаў часцей адлюстроўваюць уплыў генаў, чым у дзяўчынак.

Ці можа новае адкрыццё палепшыць сістэму адукацыі? Зразумела, ёсць і крытыкі, якія кажуць аб неабходнасці дадатковых даследаванняў. У той час як прафесар Роберт Пломін, які займаецца псіхіятрыяй і вывучэннем ранняга развіцця блізнятаў, прызнае ролю генетыкі ў адукацыйных дасягненнях дзяцей:

“Гэта азначае, што адукацыйныя сістэмы, якія адчувальныя да індывідуальных дзіцячых здольнасцяў і патрэбаў, што часткова выцякаюць з генетычнай схільнасці, могуць палепшыць узровень адукацыі”.

Увогуле ўплыў генетыкі на інтэлект быў амаль забароненай тэмай пасля публікацыі ў 1994 годзе ў ЗША кнігі “The Bell Curve”, у якой гаварылася пра сувязь паміж расай і інтэлектам. Цяперашняе ж даследаванне выклікае занепакоенасць, што яно будзе апраўдваць няроўнасць: рабіць акцэнт на навучанні лепшых і ігнараваць ўсіх астатніх. Але вось што гаворыцца ў выніковым дакладзе:

“Можа быць выкарыстаны і адваротны падыход: прыкладаць больш намаганняў для адукацыі найменш здольных, каб гарантаваць, што ўсе дзеці дасягнуць мінімальных стандартаў пісьменнасці”.

Разам з тым асабліва захапляцца вынікамі даследаванняў не варта. Як піша The Independent, самі ж даследчыкі ў дакладзе адзначаюць, што галоўная памылка — памяншаць значэнне школаў. “Бо наяўнасць добрых і дрэнных школ мае не настолькі вялікі ўплыў, як адсутнасць школ увогуле”. Таксама ёсць меркаванне, што генетычны фактар мусіць быць адлюстраваны і падчас падрыхтоўкі настаўнікаў.

Фота: mirror.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі