"Дата генератар": 25 чэрвеня 1840 года — забарона Статута ВКЛ 1588 года

"Дата генератар": 25 чэрвеня 1840 года — забарона Статута ВКЛ 1588 года

У многіх папулярных гістарычных публікацыях можна прачытаць, што ў 1840 годзе цар Мікалай I забараніў на тэрыторыі Заходняга краю дзеянне Статута ВКЛ 1588 года — асноўнага закона былога Вялікага Княства Літоўскага.

Аднак гэта толькі частка праўды. Цар яшчэ летам 1831 года (на 9 гадоў раней) забараніў дзеянне Статута ў Віцебскай і Магілёўскай губернях. Галоўнае ж тое, што ўсе антыбеларускія (і антыпольскія) дзеянні царскіх уладаў не залежалі ад змены палітычнай сітуацыі ў Заходнім краі, а былі чарговымі крокамі на шляху добра спланаванай палітыкі ўсёабдымнай русіфікацыі насельніцтва зямель былога ВКЛ.

19 сакавіка 1831 года цар Мікалай I атрымаў ад сваіх чыноўнікаў сакрэтны дакумент ("усёпадданейшы даклад", які змяшчаў заключэнні і высновы наконт прапаноў мясцовых начальнікаў, а таксама міністра фінансаў імперыі адносна русіфікацыі губерняў Заходняга краю), у якім быў выкладзены гэты план. Забарона дзеяння Статута ў дзвюх усходніх губернях Заходняга краю стала адным з першых пунктаў яго рэалізацыі.

А 16 верасня 1831-га цар заснаваў у Пецярбургу сакрэтны "Адмысловы камітэт па справах заходніх губерняў". Галоўную мэту дзейнасці камітэта ён сфармуляваў наступным чынам: "зраўнаваць Заходні край ва ўсіх адносінах з унутранымі велікарускімі губернямі". План "зраўнавання" змяшчаўся ў сакавіцкім дакладзе.

За 17 гадоў (1831–1848) адбылося 145 пасяджэнняў камітэта, на якіх было разгледжана больш за 700 пытанняў. Аднак сёння мала што вядома пра дзейнасць камітэта, таму што большасць яго пастаноў былі вуснымі і не фіксаваліся ў дакументах! Добра ведалі ліхадзеі, як трэба рабіць чорныя справы!

У 1832 годзе цар сваім указам закрыў Віленскі ўніверсітэт, які існаваў з 1570 года. Адначасова ён загадаў закрыць усе ўніяцкія і базыльянскія манастыры і школы, бо яны спрыялі захаванню польскай і беларускай культуры і мовы.

У 1838-м улады Расійскай Імперыі ліквідавалі ў Заходнім краі ўніяцкую царкву. Расійскія гісторыкі і дзеячы РПЦ заўсёды паказвалі (і працягваюць паказваць сёння) гэту падзею як вынік ініцыятывы саміх уніяцкіх святароў на чале з мітрапалітам Літоўскім Іосіфам Сямашкам. Аднак такое сцверджанне — хлусня. Я ўжо расказваў у адным з выступаў, што ліквідацыю уніі падрыхтаваў і ажыццявіў спецыяльна створаны ў 1835 годзе яшчэ адзін сакрэтны камітэт — па ўніяцкіх справах. А Сямашка быў усяго толькі марыянеткай гэтага камітэта.

"Дата генератар": 25 чэрвеня 1840 года — забарона Статута ВКЛ 1588 года
Мікалай I аб'яўляе сваёй гвардыі пра паўстанне ў Польшчы / Georg Benedikt Wunder

Наступным крокам на шляху русіфікацыі жыхароў былога ВКЛ стала канчатковая забарона яго асноўнага закона. Менавіта з такога пункту гледжання трэба разглядаць царскі ўказ ад 25 чэрвеня 1840 года, які забараніў дзеянне Статута ў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губернях. Акрамя таго, 18 ліпеня цар забараніў ужываць назвы "літоўскія" і "беларускія".

У 1841 годзе Мікалай I загадаў перавесці выкладанне ва ўсіх навучальных установах Заходняга краю на рускую мову.

Падводзячы вынікі намаганняў імперскіх уладаў за 10 гадоў (з 1831 да 1841 года), віленскі ваенны губернатар (адначасова генерал-губернатар гродзенскі, мінскі, беластоцкі) Фёдар Мірковіч дакладваў Мікалаю I:

"...Цвёрдасць і рашучасць мер, якія прымаюцца... заклалі цвёрдую аснову зліцця гэтага краю з Расіяй. Дзесяць гадоў пастаяннай сістэмы работы прасунулі ўжо рускую народнасць у гэтых губернях на паўстагоддзя. Перавод дваранства ў аднадворцаў, знішчэнне многіх каталіцкіх сабораў, закон, каб пры вяселлях праваслаўных з іншаверцамі ўсе дзеці афармляліся як праваслаўныя, увядзенне рускай мовы ў судаводства і адукацыйныя ўстановы... ліквідацыя ... Літоўскага Статута застануцца назаўжды значнымі помнікамі цяперашняга царствавання".

І гэта яшчэ не ўсё. У 1861 годзе міністр унутраных спраў імперыі Пётр Валуеў напісаў сакрэтную інструкцыю для чыноўнікаў пад назвай "Сродкі абрусення Заходняга краю". Сын Мікалая I, цар Аляксандр II, зацвердзіў яе. Звярніце ўвагу: да паўстання Каліноўскага заставалася яшчэ два гады. А мы па звычцы кажам: "Мураўёў-вешальнік у адказ на паўстанне пачаў русіфікаваць Заходні край!" Нічога ён не пачынаў. Ён працягваў рабіць тое, што было прадугледжана за 30 гадоў да паўстання.

Усё, што я сёння згадаў, — гэта "значныя помнікі" этнацыду: гвалтоўнага пераўтварэння старажытнага самабытнага народа (з сучаснага пункту гледжання — беларускага) у нейкі іншы.

На жаль, свае сакрэтныя планы царскія чыноўнікі выканалі, а савецкія падхапілі ад іх эстафету, працягнулі і перавыканалі. Вось чаму большасць жыхароў незалежнай Беларусі дагэтуль не мае нацыянальнай самасвядомасці. І працягваюць заставацца "тутэйшымі" — у тым менавіта негатыўным сэнсе, які Янка Купала наглядна прадставіў у аднайменнай п'есе 1922 года!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі