"Дата генератар": 3 ліпеня — вызваленне Мінска
Сёння 3 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе часці Чырвонай Арміі ўвайшлі ў Мінск. Гісторыкі ведаюць, што немцы і іх беларускія памагатыя з'ехалі з Мінска за тры дні: 28, 29 і 30 чэрвеня. Апошнія нямецкія салдаты пакінулі горад 1 ліпеня. Пра гэта пісалі ў сваіх успамінах беларусы-эмігранты Язэп Малецкі, Ларыса Геніюш, Яўхім Кіпель і многія іншыя. Дык вось, нашы гісторыкі ведаюць праўду, але маўчаць, каб не разбурыць хлуслівую афіцыйную версію пра "вызваленне Мінска".
Насамрэч авіяцыйная выведка 1 ліпеня данесла камандаванню (не ведаю — каму канкрэтна, 2-га ці 3-га Беларускага фронту), што праціўніка ў Мінску няма. Вораг здолеў незаўважна выйсці са сталіцы Беларусі. Гэта вельмі раззлавала "начальства". І яно вырашыла: "Будзем бамбіць!" У першую чаргу — цэнтр горада, акрамя Дома ўрада. Жорсткая авіяцыйная бамбардзіроўка Мінска адбылася 2 ліпеня.
Вось, напрыклад, што паведаміў пісьменніку Васілю Якавенку былы галоўны дзяржаўны інспектар Мінгарвыканкама па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Уладзімір Папруга:
"Афіцыйная версія сцвярджае, што гістарычны цэнтр быў цалкам знішчаны падчас вайны. Спецыялісты ведаюць, што гэта няпраўда. У Мінску за ўсю вайну не адбылося ніводнага вулічнага бою. Разбурэнні тут былі невялікія (...). Мінск наша авіяцыя бамбіла пасля таго, як немцы ўжо пакінулі горад" (Якавенка В. Прывіды Шанхаю над Свіслаччу, старонка 59).
Згадваў савецкую бамбёжку і Артур Клінаў у артыкуле, прысвечаным разбурэнню будынкаў у гістарычным цэнтры Мінска.
Немцы ж у 44-м годзе бамбілі толькі мінскую чыгуначную станцыю, 15 і 22 ліпеня, ужо пасля "вызвалення" горада.
***
Яшчэ адна казка звязаная з танкам каля Дома афіцэраў. На адным з інтэрнэт-сайтаў я ўчора прачытаў наступнае:
"Танкі Т-34 па Маскоўскай шашы ў раёне абсерваторыі прарваліся ў горад. Іх сустрэла нямецкая артылерыя. Галаўны танк падбілі. Экіпаж атрымаў раненні (...). Танк малодшага лейтэнанта Дзмітрыя Фролікава, які ішоў следам, раздушыў замаскіраваную батарэю і, не зніжаючы хуткасці, працягнуў рух наперад. Трапнымі стрэламі былі знішчаны самаходка "Фердынанд" і супрацьтанкавая гармата. Шлях у сталіцу быў адкрыты". А на іншым сайце да ліку знішчаных дадалі яшчэ дзве гарматы — зенітныя.
Аднак на п'едэстале стаіць зусім іншы танк. Танк Фролікава разам з усім экіпажам загінуў 2 лютага 1945 годзе ў Літве. А ў якасці помніка ў 1952-м паставілі танк, які да таго часу ўжо 8 гадоў стаяў, падбіты, каля вуліцы Інтэрнацыянальнай, там, дзе цяпер Палац Рэспублікі.
На самай справе ўвечары 2 ліпеня ў вёску Каралёў Стан увайшлі танкі 4-й гвардзейскай танкавай брыгады палкоўніка Алега Лосіка. На досвітку 3 ліпеня адтуль быў пасланы ў выведку танк Фролікава. Ён без перашкод даехаў да моста цераз Свіслач і па радыё далажыў камандзіру брыгады: "Я Фролікаў. Знаходжуся ў Мінску. Праціўніка не назіраю". Пасля гэтага ўся брыгада пайшла на Мінск.
Днём у Мінск увайшлі часці 1-га гвардзейскага танкавага корпуса, 19-й і 26-й гвардзейскіх танкавых брыгад. Ніякага супраціву не было нідзе. Усе "ўспаміны ветэранаў" пра тое, як нехта з іх не даў немцам падарваць мост цераз Свіслач або знішчыў нямецкую батарэю, — гэта выдумкі, нахабная хлусня. Кажу яшчэ раз: ніякіх баёў у Мінску 3 ліпеня не было! Ні ў адным з раёнаў горада.
А мінчукі, што баяліся новай бамбёжкі, хаваліся ў падвалах і скляпах, вуліцы былі пустыя, ніхто насустрач чырвонаармейцам не выходзіў. Таму сцэну гарачай сустрэчы мінчукоў з "вызваліцелямі", якую напісаў Валянцін Волкаў на знакамітай карціне "Мінск, 3 ліпеня 1944 года", мастак проста выдумаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.