"Дата генератар": 4 красавіка 1557 года нарадзіўся Леў Сапега
Сын Івана Сапегі, старосты Драгічынскога, падстаросты Аршанскага, і Багданы, князёўны Друцкай-Сакалінскай, ён атрымаў добрую адукацыю: вучыўся ў кальвінскай школе ў Нясвіжы, потым 3 гады (1570–1573, у 13–16 гадоў) у Лейпцыгскім універсітэце. Добра ведаў польскую, нямецкую і лацінскую мовы.
У 1581–1585 гадах быў вялікім пісарам земскім, у 1585–1589 гадах падканцлерам, з 1589 да 1623 года (34 гады запар!) канцлерам, з 1623-га ваяводам віленскім, з 1625-га — вялікім гетманам. Спачатку ён вызнаваў праваслаўе, потым кальвінізм (з 14 гадоў), а ў 29 гадоў перайшоў у каталіцызм. Такі досвед абумовіў верацерпнасць Льва Сапегі.
Найважнейшыя яго дасягненні наступныя:
1. Разам з канцлерам А. Валовічам і падканцлерам К. Радзівілам ён у 1581–1582 гадах стварыў Трыбунал ВКЛ. Такім чынам у ВКЛ былі падзелены тры галіны ўлады — заканадаўчая (Паны-Рада, Вальны сойм), выканаўчая (Канцылярыя вялікага князя, ваяводы і старасты), судовая (Трыбунал).
2. Заняўшы пост старшыні камісіі Сойма ВКЛ, падрыхтаваў, адрэдагаваў тэкст і выдаў Статут ВКЛ 1588 года. Нагадаю, што па гэтым Статуце нашы продкі жылі 254 гады!
3. Як камісар караля рашуча падтрымаў у Брэсце ў 1596 годзе царкоўную унію, праз якую ў дзяржаве ўдалося спыніць звады на рэлігійнай глебе.
4. Склаў у 1618 годзе Дэулінскае перамір'е з Масквой, вельмі выгаднае для ВКЛ.
Яшчэ адна яго дзея мае велізарнае значэнне для гісторыкаў. Па загадзе Сапегі за 13 гадоў (1594–1607) 20 пісараў перапісалі ўсе кнігі Метрыкі ВКЛ (дакументы з архіва Канцылярыі вялікага князя), большасць якіх захаваліся. Гэта звыш 160 тамоў!
У Статуце 1588 года Сапега не пагадзіўся з пастановамі Люблінскага сойма фармальна і фактычна.
Фармальна. Статут атрымаў сілу закона не праз пастанову "сумеснага" сойма польскай і літоўскай шляхты (як патрабавала Люблінская унія), а ў выніку зацвярджэння яго каралём Жыгімонтам III, як заўсёды было ў ВКЛ да Люблінскай уніі. Акрамя таго, прывілей, якім кароль зацвердзіў Статут, меў дзяржаўную пячатку толькі ВКЛ, подпісы караля, канцлера Сапегі і вялікага пісара Гаўрылы Войны. Тым самым Сапега выключыў магчымасць юрыдычных прэтэнзій да Статута.
Фактычна. Пры выданні Статута трэба было змясціць у ім тэкст Люблінскай уніі ды іншыя пастановы сойма 1569 года. Але яны абмяжоўвалі правы ВКЛ як самастойнай дзяржавы, і Сапега іх не надрукаваў. Проста, але вельмі шыкоўна!
Акамя таго, Статут захаваў тры артыкулы, якія выклікалі абурэнне польскай шляхты:
— артыкул 4 (у частцы 3), які абавязваў вялікага князя захоўваць у нязменным выглядзе мяжы ВКЛ;
— артыкул 12 (у частцы 3) пра парадак раздачы пасад, маёнткаў і старостваў у Вялікага Княстве; усё гэта можна было даваць "толькі Літве, Русі, Жмудзі, родзічам старажытным і ўраджэнцам Вялікага Княства Літоўскага". Калі б нейкі замежнік атрымаў зямлю праз дарэнне, ён мог карыстацца ёю толькі пасля клятвы на вернасць Вялікаму Княству, але ні на якія пасады "прыпушчаны, ані ад гаспадара ўстаноўлены" быць не мог;
— артыкул 1 (у частцы 4) пра карыстанне беларускай мовай ва ўсіх земскіх установах Вялікага Княства ("А писаръ земъскъй маеть поруску литерами и словы рускими вси листы выписы и позвы писати а не иншимъ езыкомъ и словы").
Пасля таго як кароль Жыгімонт III Ваза зацвердзіў Статут 28 студзеня 1588 года, Сапега за свой кошт надрукаваў Статут і разаслаў ва ўсе гарады і мястэчкі, якія былі цэнтрамі 8 ваяводстваў і 19 паветаў ВКЛ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.