"Дата генератар": 9 жніўня 110 гадоў з дня нараджэння Ларысы Геніюш
Ларыса Міклашэвіч (такое было яе дзявочае прозвішча) нарадзілася і да 27 гадоў жыла ў фальварку Жлобаўцы, непадалёк ад вёскі Воўпа, у сучасным Ваўкавыскім раёне. У 1928 годзе яна скончыла польскую гімназію ў Ваўкавыску.
Фальварак купіў дзед Ларысы, узяўшы пазыку ў банку. Міклашэвічы ўпарта працавалі на зямлі, бо ў сям'і былі чатыры дачкі і трое сыноў, трэба было зарабляць на ўсіх. Ларыса, як самая адукаваная ў сям'і, дапамагала бацьку разбірацца з падаткамі, крэдытамі і мясцовымі чыноўнікамі.
У лютым 1935 года яна абвянчалася з Янкам Геніюшам з Зэльвы, студэнтам медыцынскага факультэта Пражскага ўніверсітэта, і з таго часу ператварылася ў Ларысу Геніюш. У 1936-м нарадзіўся сын Юрка, разам з ім Ларыса ў наступным годзе прыехала да мужа ў Прагу, дзе ёй давялося пражыць амаль 11 гадоў.
Вершы яна складала яшчэ ў гімназіі. Аднак друкавацца пачала толькі са снежня 1939 года ў газеце "Раніца". Гэту газету выдавалі ў Берліне беларускія эмігранты. Галоўным матывам яе творчасці ўсё жыццё быў беларускі патрыятызм.
Значна пазней Ларыса Антонаўна ўспамінала:
"Я хутка выбілася на першую старонку газеты, мяне палюбілі. А я... вымольвала ў Бога такія словы і думкі, якія б падтрымалі братоў маіх, не дазволілі ім забыцца пра свае сем'і і вёскі. Каб рабілі іх упэўненымі ў сваіх чалавечых вартасцях".
Некаторых са сваіх чытачоў яна потым сустракала на этапах у Сібіры…
У 1942 годзе ў Празе быў выдадзены першы зборнік яе твораў "Ад родных ніў". Аднак другі зборнік вершаў ("Невадам з Нёману") з'явіўся толькі праз 25 гадоў пасля першага. Рэч у тым, што, калі ў Чэхаславакіі ў канцы 1947 года да ўлады прыйшлі камуністы, яны пачалі арыштоўваць палітэмігрантаў з Расіі, Беларусі, Украіны і выдаваць іх савецкаму МДБ. Ларысу і Янку Геніюшаў арыштавалі 5 сакавіка 1948 года. Увесну наступнага года савецкі суд (нібыта "самы справядлівы ў свеце") завочна асудзіў кожнага з іх на 25 гадоў зняволення ў запалярных лагерах.
Несумненна, яны б там загінулі, але на радасць усім зняволеным вусаты "бацька народаў" здох на сваёй дачы ў сакавіку 1953-га. Праз два гады пасля гэтага ўлады СССР пачалі выпускаць палітычных вязняў з месцаў зняволення і ссылак. Вось і Геніюшаў выпусцілі ў 1956 годзе, аднак 8 гадоў яны адбылі. За што? Ні за што, бо ўсе абвінавачанні — хлусня! Вярнуцца ў Чэхаславакію ім не дазволілі, хоць яны да арышту ніколі не жылі ў СССР, мелі польскае, а потым чэшскае грамадзянства!
Сын Юрка трапіў спачатку да сваякоў у Польшчу, потым у прытулак. Бацьку Ларысы камуністы забілі яшчэ да вайны, маці з сёстрамі выслалі ў Казахстан, фальварак разрабавалі і знеслі. Аднак лёс сына і сваякоў — гэта асобная гісторыя.
Сваю турэмную эпапею Л. Геніюш апісала ў сваёй "Споведзі" (1982). У лагерах сярод тундры яна працягвала складаць вершы. На маленькіх паперках яны разыходзіліся па лагерах сярод вязняў-беларусаў. У яе адбіралі сшыткі і алоўкі, ганялі на цяжкія работы, кідалі ў штрафны ізалятар, аднак яна ўсё вытрымала і працягвала пісаць.
Калі Геніюшаў выпусцілі, яны прыехалі ў Зэльву, у дом бацькоў Янкі. Больш ім не было дзе жыць. Два браты Ларысы загінулі на фронце, ваюючы з нацыстамі, адзін застаўся ў Англіі, маці памерла ў ссылцы ў Казахстане, малодшая сястра памерла ў Польшчы.
Савецкага грамадзянства Геніюшы не прынялі. Жылі і працавалі як людзі без грамадзянства. Янка — доктарам у зэльвенскай бальніцы, Ларыса там жа сястрой-гаспадыняй. У Зэльве яны да канца сваіх дзён (Янка памёр 8 лютага 1979-га, Ларыса — 7 красавіка 1983 года) зазнавалі маральны тэрор, а шматлікія мярзотнікі сістэматычна атручвалі ім жыццё паскудствамі бытавога характару. Ларыса Антонаўна горка адзначыла ў "Споведзі":
"...Беларусы паранілі маю душу. Мне бачыцца... зэльвенскае начальства, якое падсылае да нас розных шпіёнаў... Яны прабіраюцца ў дом без нас, капаюцца ў нашых рэчах... Зэльвенскія настаўнікі, якія зоймуць увесь аўтобус і не саступяць мне месца, і я падаю, калі аўтобус трасе на выбоінах, а яны рагочуць... Маіх землякоў, якія, прадаўшы ўвесь мой род, абражаюць без доказаў маіх бацькоў, ганьбяць маё імя толькі таму, што сёння яго ганьбяць новыя паны…"
Вось адзін з яе сумных вершаў пра лёс Беларусі ў СССР:
Чало у поце, далоні ў працы,
У сэрцы туга.
На душах нашых, як на сабацы —
Сьлед ланцуга.
У цела народу ўпіліся вякамі,
Пара скідаць!
Ланцуг сабачы, яго клыкамі
Не разарваць...
Чорныя брацьця: Гвінея, Гана
Ў свабоды час
З сумам у сэрцах, ужо раскаваных,
Глядзяць на нас.
Мова народу ў аковах гіне,
Годзе душыць!
Калі іх з рук ужо нам ня скінуць —
Скіньма з душы!
Ларысу Геніюш улады "незалежнай Беларусі" не рэабілітавалі дагэтуль, нягледзячы на тое, што даўно апублікаваныя не толькі ўсе яе творы, але нават лісты да сяброў і знаёмых. А адзіны помнік выдатнай беларускай паэтцы з трагічным лёсам стаіць побач з праваслаўнай царквой Святой Тройцы ў Зэльве!
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.