"Дата генератар": 14 чэрвеня 1867 года нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі

"Дата генератар": 14 чэрвеня 1867 года нарадзіўся Мітрафан Доўнар-Запольскі

Класік беларускай гістарыяграфіі і этнаграфіі. Паходзіў з беззямельнай шляхты. Скончыў Кіеўскі ўніверсітэт (1893), у 1901 годзе атрымаў навуковую ступень магістра гісторыі, у 1906-м — доктара гісторыі. З 1902 года быў прафесарам Кіеўскага ўніверсітэта. Стварыў Камерцыйны інстытут у Кіеве і быў яго дырэктарам (1907–1917).

Аўтар больш як 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі і Вялікага Княства Літоўскага, па сялянскім пытанні і этнаграфіі Беларусі. Шмат з яго прац застаюцца неапублікаванымі.  

Доўнар-Запольскі актыўна падтрымаў абвяшчэнне БНР. У сакавіку 1918-га ён падрыхтаваў праект стварэння Беларускага ўніверсітэта ў Мінску. 

Па просьбе ўлад БНР напісаў брашуру “Асновы беларускай дзяржаўнасці”, якая ў 1919 годзе была надрукавана ў Гродне і Вільні на беларускай, рускай, нямецкай, французскай мовах, а пазней перакладзена і на англійскую мову. У ёй аўтар выклаў гістарычныя падставы стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Тэкст суправаджаўся “Этнаграфічнай картай беларускага племені”, складзенай Доўнар-Запольскім. 

Дэлегацыя БНР распаўсюдзіла брашуру на Версальскай канферэнцыі, аднак гэта не прынесла поспеху: кіраўнікі вялікіх дзяржаў не жадалі нічога чуць пра нейкую БНР.  

У 1922–1925 гадах прарэктар Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесар Бакінскага політэхнічнага інстытута.

У верасні 1925 года пераехаў з Баку ў Мінск, з кастрычніка 1925-га да восені 1926-га быў прафесарам беларускай гісторыі ў БДУ, супольна са Змітром Даўгялам (1868–1942) стварыў Археаграфічную камісію Інстытута беларускай культуры.  

Пад канец лета 1926 года бальшавіцкія ўлады вымусілі Доўнар-Запольскага назаўсёды пакінуць Беларусь. Падставай для выгнання стала падрыхтаваная ім да друку вялікая кніга “Гісторыя Беларусі”. Камуністычныя крытыкі назвалі яе “катэхізісам нацыянал-дэмакратызму” і “новага народніцтва”, забаранілі друк, а рукапіс канфіскавалі. 

Кнігу выдалі толькі праз 60 гадоў пасля смерці аўтара, аднак тры раздзелы (8–10) з 23 за гэты час недзе згубіліся.    

Доўнар-Запольскі ад’ехаў у Маскву, працаваў там прафесарам Сельскагаспадарчай акадэміі імя Клімента Ціміразева. Памёр ён 30 верасня 1934 года.

У сваёй гістарычнай канцэпцыі Доўнар-Запольскі аддаваў вяршэнства гісторыі народаў у параўнанні з гісторыяй дзяржаў. Больш за тое, у процівагу марксістам галоўнымі чыннікамі развіцця грамадства ён лічыў этнаграфічныя, эканамічныя і тэхналагічныя працэсы, а не класавую барацьбу. 

Сцвярджаў існаванне асобнага беларускага народа з уласнай гісторыяй, духоўнай культурай і этнаграфічнымі рысамі. Лічыў беларускую мову спадчынніцай дыялектаў крывічоў і дрыгавічоў. Быў прыхільнікам канцэпцыі, згодна з якой дзяржаўнасць на беларускіх землях узнікла ў выніку “варажскай каланізацыі”.

Стварэнне ВКЛ у XIII стагоддзі ён разглядаў як збольшага мірны працэс, які праявіўся ў выглядзе заключэння ўзаемна карыснага саюза паміж князямі ваяўнічай Літвы і аслабелымі князямі варажскай Русі.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі