"Дата генератар": 23 лістапада 1906 — пачатак выдання газеты "Наша Ніва"

"Дата генератар": 23 лістапада 1906 — пачатак выдання газеты "Наша Ніва"

У чэрвені 1906 г. на віленскай канферэнцыі Беларускай сацыялістычнай грамады Антон Луцкевіч высунуў прапанову выдання сваёй партыйнай газеты. 

Прыкладам для яго паслужыла “Искра” – газета бальшавіцкай фракцыі расійскіх сацыял-дэмакратаў, якую выдавалі ў замежжы Уладзімір Ленін і Аляксандр Парвус. Са студзеня 1901 да лістапада 1903 года выйшлі з друку больш за 50 нумароў “Искры”. Потым яе змяніла газета “Вперёд” (снежань 1904 — ліпень 1906), яшчэ 35 нумароў. 

Кіраўнік бальшавікоў Ленін лічыў сваю газету вельмі важным сродкам згуртавання, кіравання і палітычнага выхавання сяброў створанай ім партыі. Вось і “Наша Ніва” адыграла выключную ролю ў беларускім нацыянальна-культурным і палітычным руху на пачатку ХХ стагоддзя. Можна без ваганняў сцвярджаць, што каб не яна, дык гэты рух абмежаваўся б асобнымі маленькімі групоўкамі, як тое было ў папярэднія 20 гадоў.

Ідэйнымі кіраўнікамі "Нашай Нівы" былі сябры ЦК БСГ браты Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Бурбіс, Вацлаў Іваноўскі. Рэдактарам першых чатырох нумароў быў Зыгмунд Вольскі, потым звыш сямі гадоў запар Аляксандр Уласаў (8.12.1906 — 03.1914) і апошнія 17 месяцаў — Янка Купала (7.03.1914 — 7.08.1915). 
Рэдактарамі аддзелаў у розны час былі такія выбітныя дзеячы беларускага руху, як Янка Купала, Якуб Колас, Ядвігін Ш. (Лявіцкі), Сяргей Палуян (Ясяновіч), Альгерд Бульба (В. Чыж), Змітрок Бядуля. Сакратарамі рэдакцыі былі Хведар Імшэнік (да 1909-га), потым Вацлаў Ластоўскі. 

БСГ была рэвалюцыйная партыя сацыялістычнага характару. Ад іншых рэвалюцыйных партый яна адрознівалася тым, што ў цэнтры сваёй дзейнасці ставіла эканамічна-сацыяльныя пытанні вёскі і нацыянальна-культурнае адраджэнне  Беларусі. Усё гэта моцна адбілася на змесце газеты. 
У праграмным артыкуле першага нумара была акрэслена агульная пазіцыя газеты: “Наша Ніва” — газета ўсіх беларусаў і ўсіх тых, хто ім спагадае…” І сапраўды, “Наша Ніва” гуртавала аўтараў усіх веравызнанняў і палітычных арыентацый, якія змагаліся за нацыянальнае адраджэнне Беларусі. Яна была як бы грамадскім інстытутам беларускай культуры, выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра.

Акрамя таго, газета асвятляла пытанні вясковага самакіравання і народнай адукацыі, эканамічных і сельскагаспадарчых ведаў. Яна друкавала практычныя рэкамендацыі па земляробстве, жывёлагадоўлі, агародніцтве. 

Пад канец свайго выдання “Наша Ніва” мела больш за 3 тысячы сталых і часовых карэспандэнтаў у паветах, гарадах, мястэчках і вёсках Беларусі, у Маскве, Пецярбургу, Сібіры, за мяжой. 
"Наша Ніва" выходзіла ў Вільні кожны тыдзень на працягу васьмі з паловай гадоў. Усяго было выдадзена каля 440 нумароў. Найбольшы наклад у 1913 годзе дасягнуў 4,5 тысячы асобнікаў. Выхад газеты спыніўся ў сувязі з набліжэннем фронту да Вільні. 

У першыя 18 месяцаў выдання газета моцна крытыкавала царызм, вяла агітацыю за дэмакратычныя рэформы. Пасля разгону 2-й Дзяржаўнай Думы (у чэрвені 1907 г.) яе змест набыў больш памяркоўны характар. Рэдакцыя “Нашай Нівы” паставіла ў той час сабе за стратэгічную мэту культурна-нацыянальную аўтаномію Беларусі, развіццё адукацыі і друку на роднай мове, мірны паступовы прагрэс праз дэмакратызацыю цэнтральных і мясцовых органаў улады, развіццё сялянскага землеўладання, фермерскай гаспадаркі. 

Значнае месца на старонках “Нашай Нівы” займалі палемічныя артыкулы, памфлеты і вершы, якія выкрывалі антыбеларускую палітыку польскіх і расійскіх шавіністаў, антыбеларускі змест рэакцыйнага друку (газеты “Минское слово”, “Северо-Западная жизнь”, “Виленский вестник” і іншыя).

У “Нашай Ніве” былі ўпершыню апублікаваны многія мастацкія творы, публіцыстычныя артыкулы, крытычныя нарысы Янкі Купалы (3 паэмы, 170 вершаў), Якуба Коласа (каля 125 вершаў, больш за 40 апавяданняў, нарысаў і артыкулаў), Максіма Багдановіча, Цёткі, Алеся Гаруна, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца, Альгерда Бульбы, Вацлава Ластоўскага, Лявона Гмырака, Уладзіслава Галубка, Канстанцыі Буйло, Уладзіміра Самойлы, Рамуальда Зямкевіча, Алеся Гурло, Янкі Журбы, Гальяша Леўчыка, Ядвігіна Ш., Эдварда Будзькі і іншых аўтараў. На старонках газеты складваліся лексічныя і граматычныя нормы новай беларускай літаратурнай мовы. Адбывалася развіццё беларускай літаратурна-мастацкай крытыкі, публіцыстыкі, культуралогіі, фалькларыстыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі