Давераным асобам Ціханоўскай у Гомелі далі 24,5 года на чацвярых
4 траўня суд Чыгуначнага раёну Гомеля вынес прысуды па крымінальнай справе давераных асоб Святланы Ціханоўскай.
Чатырох чалавек вінавацілі ў "масавых беспарадках" і планах "захопу адміністрацыйных будынкаў".
Як перадае Радыё "Свабода", суддзя Аляксей Хлышчанкоў агучыў наступныя прысуды:
Юрый Уласаў — 6 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
Таццяна Канеўская — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму;
Дзмітрый Івашкоў і Аляксандр Шабалін — па 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Адвакаты ў сваіх выступах падкрэслівалі, што няма канкрэтных доказаў віны іх падабаронных, абвінавачанне грунтуецца на домыслах, агульных фразах і відэа. Прычым з відэасюжэту вынікае толькі тое, што 5 жніўня давераныя асобы сустракаліся з Ціханоўскай і абмяркоўвалі розныя варыянты развіцця падзей 9 жніўня і пасля выбараў. Па словах адвакатаў, няма доказаў таго, што іх падабаронныя спрабавалі вербаваць былых сілавікоў і планавалі захапіць адміністрацыйныя будынкі.
У апошнім словае Таццяна Канеўская падзякавала тым, хто піша ёй лісты. Яна сказала, што ніхто не планаваў захоп будынкаў, а ўся справа палітычна матываваная і не абгрунтаваная доказамі.
Юрый Уласаў у апошнім слове казаў, што ўсе яго дзеянні не былі злачынствам, а былі накіраваныя толькі на карысць народу.
Дзмітрый Івашкоў у сваім апошнім слове назваў суд рэпрэсіўным органам і заявіў, быцам прадстаўнікі ўлады забыліся, што такое закон. Ён падкрэсліў, што лічыць прэзідэнтам краіны Ціханоўскую, і закончыў сваю прамову лозунгам: "Жыве Беларусь!".
Большую частку працэсу ў залу не маглі трапіць сябры абвінавачаных і журналісты незалежных СМІ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.