“Даём рады” па-панку: абноўленыя “Дай дарогу!” і “Резиновый дом” на біс

“Даём рады” — гэта вам не проста так выйсці на сцэну па дыпломчыкі ды на танцполе пастаяць. Другі год запар Еўрарадыё робіць музычную прэмію са сваім тварам. Пераможцаў журналісты вызначаюць самі. У рэдакцыі ідзе вайна за кожную намінацыю, выпадковых імёнаў не застаецца. Разынкі дадаюць дзіўнаватыя прызы “няспраўджаным надзеям” і “непатанаючым легендам”, якія атрымліваюць галоўныя фрыкі года. А са сцэны гучыць нефарматны і стракаты беларускі рок з моцнымі хэдлайнерамі.

TonqiXod і журналіст Арцём Мартыновіч

Поўны спіс пераможцаў прэміі "Даём рады"

Галоўным прызам на фэсце музыкі маладой Беларусі “Басовішча” доўгі час быў запіс альбома ў прафесійнай студыі. Што ж, “Басы” ўжо не тыя, але на “Даём рады” вырашылі працягнуць традыцыю. 50 гадзінаў працы ў студыі “ОСМОС” атрымалі дэбютанты году — гурт TonqiXod. Хлопцы на перамогу не спадзяваліся, бо міма аднаго “дэбюту” — на прэміі сайта “Тузін гітоў” — ужо праляцелі:

“На гэты момант мы ў студыі запісалі толькі адну песню. А ў канкурэнтах людзі, якія за год альбомы выпусцілі, кліпаў наздымалі… Мы ж рэальна займаліся толькі канцэртамі, — разважае аўтар тэкстаў і вакаліст TonqiXod Уладзь Лянкевіч. — Але зараз дабяромся да гэтага сертыфікату… Матэрыялу ў нас хапае. Штосьці такое, што не сорамна і ў людзі вынесці, і на плэер закінуць, запішам дакладна”.

"Тлушч"

І TonqiXod, і мінскія поп-панкі “Тлушч”, якія пачыналі канцэрт, на альтэрнатыўнай сцэне належаць да маладой генерацыі. Далей “у бой” ідуць прадстаўнікі сярэдняга пакалення: пацяжэлая і ад таго раптам вельмі дарослая Harotnica, Sciana з заўсёдным шалёным унутраным нервам і новыя магілёўскія зоркі — NIZKIZ. Якія, дарэчы, прыйшлі не з пустымі рукамі — падарылі Еўрарадыё… еўра і радыё!

“Гэтым летам мы прайшліся па ўсіх “вогнішчах”, дзе сядзяць барадатыя людзі з гітарамі. І не толькі ў швэдарах, — тлумачаць сваю быццам бы раптоўную папулярнасць NIZKIZ. — Наступаем Сашы Саладуху на пяткі”.

Nizkiz

Разам з NIZKIZ гледачы спяваюць “Гуантанама”, што на прэміі “Даём рады” стала сінглам году. “Проста мы ўсім напярэдадні разаслалі тэкст і папрасілі спяваць з намі. Ну і, вядома, грашова прастымулявалі”, — жартуюць музыкі ў грымёрцы. А на падыходзе пара хэдлайнераў: “Дай дарогу!” з баевікамі, абранымі галасаваннем на сайце euroradio.fm, і Neuro Dubel, якія перажываюць — якую ўжо па ліку! маладосць. Сёлета Еўрарадыё зрабіла стаўку на панкаў — і панкі жараць, як мае быць. На танцполе не прайсці: тут блізу 700 гледачоў, і людзі працягваюць падцягвацца.

Ілля Маліноўскі

“Дай дарогу!” выходзяць на сцэну з новым басістам — Кірыл Скам’ін адлічаны з гурта за дрэнныя паводзіны. Юра Стыльскі распавядае Еўрарадыё, што вырашаўся на замену з камяком у горле… Так ці інакш, бас-гітару з саслабелых рук Скам’іна падхоплівае Аляксандр Закржэўскі. І няхай фанаты бурчаць, што “Дай дарогу!” ужо не тыя… Брэсцкія панкі гучаць грош не сталі. Ну а харызма — справа нажыўная.

“Чым больш будзе розных мерапрыемстваў, дзе вызначаюцца лепшыя — тым лепш для беларускай музыкі. Еўрарадыё — гэта свой погляд, дзякуючы такім праектам, як “Даём рады”, публіка дазнаецца, што ёсць новага і незвычайнага. А самая аб’ектыўная інфармацыя атрымаецца, калі розныя погляды супастаўляюцца, — пад “Дай дарогу!” марыць пра беларускую суперпрэмію, што падсумавала б агульныя вынікі году, патрыярх беларускай музычнай крытыкі Зміцер Падбярэзскі. — Я не кажу, што мусіць паўстаць беларускае Grammy на сто з гакам намінацый. Але звесці ўсе звесткі з розных рэсурсаў у адно, намінацый на 50, варта было б”.

Падсумаваць, хто больш прэмій атрымаў па выніках года, — святая справа. Але мы зоймемся гэтым пасля. А ў клубе Re:public тым часам на сцэну выходзіць Neuro Dubel. Музыкі прыгадваюць “Убийство монтировкой” і на “Раз, два, три” блытаюцца ў дратах — выступаць апошнімі заўжды цяжка! Аляксандр Кулінковіч перакідаецца парай словаў з няўдачнікам-стэйдждайверам, якога гледачы не хочуць трымаць на руках і вяртаюць на сцэну. ND выкрэсліваюць з сэт-ліста “Охотник и Сайгак”, але заканчваюць канцэрт “Резиновым домом”. Ці магло быць больш эпічна?

200 фота з "Даём рады" глядзіце тут!

Neuro Dubel

Harotnica

Sciana

"Музычны праект-2013" - "Джазавыя суботы ля ратушы"

Алесь Пілецкі ўзнагародзіў Змітра Безкаравайнага прызам імя Алісы Жыдовіч

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі