Дэлегацыя ПАСЕ заклікае ўдасканальваць сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі
У чацвер завяршаецца візіт у Беларусь дэлегацыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Па яго выніках яна распаўсюдзіла заяву, у якой заклікае ўлады нашай краіны прадоўжыць удасканаленне сітуацыі з правамі чалавека.
БелаПАН нагадвае, што візіт быў арганізаваны для ацэнкі перадвыбарнай кампаніі і палітычнага клімату перад прэзідэнцкімі выбарамі. У выніковай заяве дэлегацыя вітае адкрытасць беларускіх уладаў, якія запрасілі прадстаўнікоў ПАСЕ ў краіну ўпершыню за апошнія 14 гадоў.
На працягу трох дзён прадстаўнікі ПАСЕ сустрэліся са спікерамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, міністрам замежных спраў, старшынёй ЦВК, кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі, прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта і іх прадстаўнікамі, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і СМІ, міжнароднай супольнасці і кіраўніком наглядальнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ.
Дэлегацыя ПАСЕ вітае вызваленне шасцярых палітзняволеных, уключна з былым кандыдатам у прэзідэнты Мікалаем Статкевічам.
Прадстаўнікі апазіцыі праінфармавалі гасцей з ЕС пра незбалансаваны склад тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій. Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі могуць вылучаць мінімум траціну членаў гэтых камісій, адзначае дэлегацыя ПАСЕ, але, паводле інфармацыі апазіцыі, сярод 69 тысяч членаў выбарчых камісій усяго 40 іх прадстаўнікоў.
Парламенцкая асамблея Савета Еўропы адправіць у Беларусь дэлегацыю з 11 чалавек для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі, якія пройдуць 11 кастрычніка.
Фота: Fotolia