Дэпутат арыгінальна распавёў на сесіі АБСЕ пра правы чалавека ў Беларусі
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах Валерый Варанецкі арыгінальна распавёў на адным з пазапраграмных мерапрыемстваў Мінскай сесіі АБСЕ пра правы чалавека ў Беларусі. У ім, дарэчы, удзельнічаў як эксперт Міклаш Харашці, спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў нашай краіне. Варанецкі ўзяў слова і вельмі пераканаўча сказаў наступнае:
“Беларусы заўсёды былі ваяры. Займаюць першыя месцы па баявых мастацтвах і сёння на ўсіх міжнародных спаборніцтвах. Мы самі ведаем, што нам рабіць. Мы адстойвалі сваю незалежнасць, права людзьмі звацца, і таму мы вельмі не любім, калі нам спрабуюць навязваць нейкія... Чаму нехта думае, што хтосьці лепш разумее правы чалавека, чым мы, беларусы? Якія падставы? Перастаньце ціснуць, штурхаць і вы ўбачыце прыклад самай дэмакратычнай, самай гуманнай дзяржавы Цэнтральнай Еўропы і ўсяго рэгіёну. Гэта нам трэба забяспечыць лепшы ўзровень забеспячэння абароны правоў нашых грамадзян, правоў чалавека. Мы над гэтым працуем”.
Раней Валерый Варанецкі працаваў намеснікам кіраўніка МЗС Беларусі, амбасадарам нашай краіны ў Аўстрыі, прадстаўніком пры АБСЕ.