Дэпутат ПАСЕ: Лічу, што Лукашэнку трэба запрасіць на саміт у Рыгу

Даведка Еўрарадыё: Тадэвуш Івінскі — з 1991 года дэпутат Сейма Польшчы, з лютага 1992 года — сябра Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. На дадзены момант Івінскі ў польскім Сейме займае пасаду намесніка старшыні камісіі па замежных справах.
 
Еўрарадыё: Падчас слуханняў па Беларусі ў ПАСЕ вы сказалі: “Я лічу, што нам зараз неабходна думаць пра тое, як можна вярнуць Беларусі статус спецзапрошанага ў ПАСЕ”. Вы сапраўды лічыце, што менавіта цяпер ёсць рэальная магчымасць гэта зрабіць?
 
Тадэвуш Івінскі: У сваім выступе я прыгадаў сярэдзіну 90-х гадоў — я тады ў якасці намесніка старшыні ПАСЕ быў у Мінску, сустракаўся з Лукашэнкам, тагачасным старшынёй Вярхоўнага Савета Шарэцкім, апазіцыяй. Пасля тых падзей я асабіста ў студзені 1997 года выказаўся за тое, каб прыпыніць дзеянне статуса спецзапрошанага для Беларусі. Прайшло 18 гадоў з таго моманту, усё змяняецца! З аднаго боку, стан правоў чалавека ў Беларусі крытыкуюць, ёсць смяротнае пакаранне, шмат хто з апазіцыянераў у зняволенні — у тым ліку мой добры сябра Мікалай Статкевіч. Але з іншага боку, за выключэннем смяротнага пакарання, на якое можна ўвесці мараторый, я не бачу вялікай розніцы ў сітуацыі з правамі чалавека паміж краінамі Паўднёвага Каўказа і Беларуссю. На жаль.
 
Таму мая прапанова была наступнай: мы павінныя працягваць дыялог і з уладамі, і з апазіцыяй, вельмі, да слова, раз’яднанай, і паставіць канкрэтныя ўмовы. А то глядзіце: толькі Беларусь і Косава не ў Савеце Еўропы! Прычым з Косава ўсё складаней, бо ёсць 5 краін ЕС і 10 — Савета Еўропы, якія ніколі не прызнаюць незалежнасць гэтай краіны. З Беларуссю інакш. Сяброўства ў Савеце Еўропы мае вялікае значэнне для грамадзян Беларусі: адна магчымасць звароту ў Еўрапейскі суд па правам чалавека чаго вартая! 
 
Еўрарадыё: Добра, паставілі Беларусі нейкія “канкрэтныя ўмовы”, яна іх выканала — вяртанне статусу магчымае без увядзення мараторыя? 
 
Тадэвуш Івінскі: Цяжка сказаць… Але не думаю. Прынамсі, пакуль. Ну, вашы ж улады пастаянна кажуць, што па Канстытуцыі смяротнае пакаранне — часовае. Ведаеце, шмат ваганняў у гэтым пытанні было і ў Расіі, і ва Украіны, калі прымалі іх у Савет Еўропы. Скажыце: няўжо ў вас узровень злачыннасці параўнальны з Расіяй ці нават Украінай? Мне падаецца, што наадварот. Трэба думаць у катэгорыях супрацоўніцтва з еўрапейскімі структурамі. І найперш — з ПАСЕ. Для вас ПАСЕ нават больш важная, чым Еўрапарламент: перспектыў уваходжання ў Еўрасаюз у Беларусі няма, а ў Савет Еўропы — ёсць! 
 
 
Еўрарадыё: Навошта беларускім уладам гэтае сяброўства — гэта людзям выгадна мець магчымасць звароту ў Страсбургскі суд, а не дзяржаве.
 
Тадэвуш Івінскі: Гэта будзе паказчыкам таго, што краіна рухаецца ў бок дэмакратыі. 
 
Еўрарадыё: Украіна ўжо паказала! Ёсць на ўсходзе краіна, якой гэта можа моцна не спадабацца… 
 
Тадэвуш Івінскі: Так, Савет Еўропы — не абарончая арганізацыя. Яна займаецца правамі чалавека і развіццём дэмакратыі. Тым не менш сяброўства ў такой арганізацыі на карысць і людзям, і дзяржаве. Тым больш што сёння статус Беларусі павысіўся на міжнароднай арэне. Людзі пачалі задумвацца: “Што гэта за Беларусь, дзе яна?” Калі б раней правялі экзамен на такую тэму сярод сяброў ПАСЕ, то 90% правалілі б яго. 
 
Еўрарадыё: Я ўжо чуў выказванне, што ў Еўропе па-іншаму пачалі глядзець на Лукашэнку. А па-іншаму — гэта як?
 
Тадэвуш Івінскі: Ён перастаў шмат для каго быць прымітыўным падначаленым Масквы. Убачылі, што ён мае сваё меркаванне і прымае свае рашэнні. Нават яго рашэнне аб няўдзеле ў парадзе 9 траўня ў Маскве сведчыць пра тое, што ён у пэўнай ступені грае самастойную ролю. У гэтым для Беларусі шанец, і вашы ўлады не павінныя яго страціць. 
 
Еўрарадыё: Ці варта было б з гэтых жа меркаванняў запрасіць Лукашэнку на саміт Усходняга партнёрства ў Рыгу?
 
Тадэвуш Івінскі: Асабіста я лічу, што лепш было б яго запрасіць…
 
Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі