Дэпутатаў у “Белую Русь” прываблівае “пах кармушкі”?

Сяргей Касцян лічыць, што дэпутаты, якія запісаліся ў “Белую Русь”, пайшлі туды ў пошуках кармушкі. Сяргей Гайдукевіч кажа, што гэтыя людзі проста блукаюць па калідорах “партыі ўлады”, забяспечваючы сваю будучыню. А Вольга Абрамава назвала пытанне пра сваё магчымае уступленне ў “Белую Русь” знявагай. Як стала вядома Еўрарадыё, пэўны час таму грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” актыўна ўзялося за пошук новых сябраў сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. А каб давесці да ведама народных абраннікаў, што запісвацца ў “белыя русы” можна наўпрост у Доме ўраду, павесілі ў фае аб’яву з нумарам пакоя, дзе праводзіцца запіс, і часам працы. Пра звестках, ужо ледзь не палова дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў запісаліся ў “Белую Русь”. Еўрарадыё вырашыла даведацца, што думаюць пра гэты крок сваіх калег тыя, хто не пайшоў у прапрэзідэнцкую арганізацыю, і як гэтую масавую цікаўнасць да іх тлумачаць у кіраўніцтве “Белай Русі”.

Пра аб’яву ў Доме ўраду Еўрарадыё расказаў лідэр ЛДПБ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч, паплечнікі якога, скарыстаўшыся момантам, прымацавалі побач сваю аб’яву, з заклікам запісвацца ў іх партыю.

Сяргей Гайдукевіч: “У нас у парламенце павесілі аб’яву, што жадаючыя могуць уступаць, і напісаны нумар пакоя, у грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”, якое стане палітычнай партыяй. А палітычная партыя будзе сфармавана, калі пройдуць парламенцкія выбары. І калі павесілі такую аб’яву, побач у гэты ж дзень з’явілася інфармацыйная аб’ява, што жадаючыя могуць уступаць у ЛДПБ, нумар пакоя такі-то”.

Колькі чалавек адгукнулася на заклік “Белай Русі”, палітык не цікавіўся. Але пахваліўся, што за тыдзень у іх “пункт прызыву” прыйшлі 28 чалавек. І калі, па яго словах, ліберал-дэмакратамі людзі станавіліся з ідэйных меркаванняў, то ў прапрэзідэнцкае аб’яднанне ішлі з меркантыльнымі мэтамі.

Сяргей Гайдукевіч: “Заўсёды можна, пакруціўшыся па калідорах партыі ўлады, вызначыць сабе будучыню”.

На думку намесніка старшыні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргея Касцяна, дэпутаты імкнуцца ўступаць ў “Белую Русь”, каб быць бліжэй да ўладнай кармушкі. І прызнаў, што такіх шмат.

Сяргей Касцян: “Пах кармушкі адчуў шмат хто і пабеглі ў “Белую Русь!”

Сам ён кажа, што з палітыкі сыходзіць не збіраецца і будзе балатавацца на чарговых выбарах. У перамозе ўпэўнены на 80%. Але падстрахоўвацца і ўступаць у прапрэзідэнцкае аб’яднанне не збіраецца. Аб’явы аб запісе не бачыў, і хто туды ўступае -- яго не цікавіць. Кажа, сам ён да труны застанецца камуністам.

Сяргей Касцян: “Я не чытаў і не бачыў гэтых аб’яў. Мяне гэтыя праблемы не цікавяць. Я з 1963 года з’яўляюся сябрам камуністычнай партыі, ніколі з яе не выходзіў і выходзіць не збіраюся. Будзе гэтая партыя альбо не, няхай нават я застануся адзін, але я буду лічыць сябе камуністам, пакуль вочы не заплюшчу ў чатырох дошках! Таму мяне не цікавіць, хто там заклікае ў “Белую Русь” і хто туды ўступае”.

Дэпутатка Вольга Абрамава лічыць, што яе калегі могуць запісвацца куды заўгодна – хоць у БНФ, хоць у “Белую Русь”. Але на пытанне, ці не думала сама запісацца ў прапрэзідэнцкае аб’яднанне, пакрыўдзілася.

Вольга Абрамава: “Гэта і не па маім спектры і, не скажу, што зневажальна, але вельмі дзіўна, што вы маглі так падумаць пра мяне”.

Ці атрымаецца з “Белай Русі” палітычная партыя, будзе, па яе словах, бачна з таго, хто будзе той партыяй кіраваць, ці накіраваныя яе сябры на сур’ёзную працу, а не на прафанацыю, і ці будуць на тую партыю сродкі.

Намеснік старшыні “Белай Русі” дэпутат Віктар Гумінскі пацвердзіў Еўрарадыё, што аб’яву з заклікам да ўсіх жадаючых запісвацца ў іх арганізацыю сапраўды вывешвалі ў Доме ўраду. І нават не проста з заклікам запісвацца, а з паведамленнем, што ў парламенце створана “пярвічка” “Белай Русі”, і з запрашэннем на знаёмства з яе сябрамі і правядзенне тлумачальнай размовы аб “мэтах і задачах” грамадскай арганізацыі. І, па яго словах, шмат хто з дэпутатаў адгукнуўся на прапанову. Праўда, не ўдакладніў, колькі такіх было.

Віктар Гумінскі: “Дэпутатаў, сапраўды, вельмі шмат адгукнулася. Там жа форма выключна добраахвотная, для жадаючых. Было знаёмства пярвічнай арганізацыі з жадаючымі, інфармаванне аб тым, што створана такая арганізацыя ў сакратарыяце і ў парламенце. Тлумачылі ўмовы прыёму і гэтак далей. Была проста тлумачальная праца. І ўсяго…”

Ад адказу на пытанне, што так прываблівае народных абраннікаў да грамадскай арганізацыі, намеснік старшыні “Белай Русі” ўхіліўся, спасылаўся на тое, што гэта справа дабраахвотная. Як і не стаў размаўляць на тэму, ці плануюць яны ў бліжэйшы час пераўтварыцца ў палітычную партыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі