Дэвід Крэмер: "Мы перагледзім візавыя забароны, калі Казуліна выпусцяць"

Намеснік дзяржсакратара распавёў Еўрарадыё, што не выключае больш жорсткіх санкцый з боку ЗША, аднак калі апошні палітвязень выйдзе з турмы, ЗША гатовыя скасаваць візавыя забароны для чыноўнікаў. Дэвід Крэмер здзіўляецца, чаму трымаць Казуліна ў няволі беларускім уладам больш выгодна, чым наладжваць адносіны з Захадам.
Прадстаўнік Белага дому лічыць, што зварот Беларусі са скаргай у ААН – гэта неразумны ход, бо менавіта Беларусь не выконвае сваіх міжнародныx абавязацельстваў, калі знявольвае людзей па палітычных матывах. І прызнае, што ЗША і Еўрасаюз маюць адзіную мэту -- дэмакратызацыя Беларусі -- але часам падзяляюць паміж сабой ролі.

Еўрарадыё: -- Дзякуй за Вашую згоду даць інтэрв’ю Еўрапейскаму радыё для Беларусі. Вы зараз у Бруселі. З кім сустракаліся і пра што ішла дыскусія?

Дэвід Крэмер: -- Я прыбыў у Брусель сёння раніцай (14 сакавіка – ЕРБ), каб паразмаўляць з калегамі з Еўрапейскага саюзу, як з прадстаўнікамі краінаў Еўрасаюзу, так і з тымі, хто працуе тут, у Бруселі. Мы абмяркоўвалі далейшыя намаганні па каардынацыі і кансультаваліся пра нашую палітыку ў дачыненні да Беларусі, і пра тое, як мы можам дамагчыся вызваленьня апошняга з шасьці палітычных вязняў - Аляксандра Казуліна.

Я вяртаюся дамоў з адчуваннем, што каардынацыя і супрацоўніцтва паміж Еўрасаюзам і ЗША застаюцца вельмі моцнымі. Я вельмі ўсцешаны гэтым і ведаю, што мы адзіныя ў патрабаванні вызваліць Аляксандра Казуліна, каб адчыніць дзверы для новага этапу ў адносінах паміж Беларуссю і Захадам.

Еўрарадыё: --
Ці патрабаванне выпусціць Аляксандра Казуліна - адзіны пункт у дачыненні да Беларусі, па якім Амерыка і Еўрасаюз маюць агульную пазіцыю? Як Еўрасаюз ацэньвае санкцыі ЗША ў дачыненьні да "Белнафтахіму"? Некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што рэалізуецца сцэнарый "добрага і дрэннага следчага", дзе амерыканцы традыцыйна граюць ролю дрэннага, а Брусель спрабуе заняць больш мяккую пазіцыю...

Дэвід Крэмер:
-- Магчыма, ёсць адрозненні ў тактыцы нашых дачыненняў з Беларуссю, але бясспрэчна тое, што Еўрапейскі Саюз і Злучаныя Штаты абсалютна згодныя наконт галоўнай мэты. І гэтая мэта - забяспечыць вызваленне ўсіх палітычных вязняў у Беларусі і пачаць працэс, дзе мы зможам разам з беларускім урадам і грамадствам выканаць некалькі крокаў па лібералізацыі. Мы пазітыўна выказаліся па розных накірунках.

Натуральна, летась ЗША пашырылі спіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіну і, як вы заўважылі, 13 лістапада ўвялі санкцыі ў дачыненні да Белнафтахіму. Еўрасаюз гэтага не зрабіў. Але мы не прасілі Еўрапейскі Саюз гэта рабіць. Часам мы падзяляем ролі паміж сабой і часам аднаму з нас - ЗША або ЕС - лягчэй зрабіць той ці іншы крок. Я думаю, ЗША было лягчэй пайсці ў згаданым кірунку. Гэта нармальна, і ніяк не ўплывае на нашае разуменне агульнай мэты.


“Мы гатовыя - калі ў нас і надалей не будзе іншага выйсця - прымяніць дадатковыя санкцыі”


Еўрарадыё: -- Гэта азначае, што Брусель не крытыкаваў дзеянні ЗША? Нягледзячы на тое, што магчыма, канфлікт паміж Беларуссю і Амерыкай можа дапамагчы беларускаму ўраду не выконваць 12 патрабаванняў, агучаных Бруселем у канцы 2006 г.?

Дэвід Крэмер:
-- Мы падтрымліваем план, які быў прыняты Еўрапейскім Саюзам у снежні 2006 г. Мы падзяляем яго і гатовыя пайсці ў падобным накірунку, калі беларускі ўрад вызваліць апошняга палітычнага вязня -- Аляксандра Казуліна. Я думаю, што нашая з ЕС пазіцыя вельмі падобныя.

Фактычна, нам не заставалася выбару апрача таго, які мы зрабілі 6 сакавіка, калі Міністэрства фінансаў апублікавала заяву, дзе тлумачыла і ўдакладняла санкцыі, прынятыя ў дачыненні да "Белнафтахіму" ў лістападзе. І мы гатовыя - калі ў нас і надалей не будзе іншага выйсця - прымяніць дадатковыя санкцыі ў адрас Беларусі.

Еўрарадыё:
-- Якія, напрыклад?

Дэвід Крэмер:
-- Не хачу ўваходзіць у дэталі, каб не раскрываць заўчасна карт...

Еўрарадыё:
-- Ці не маглі б вы тады праясніць значэнне кроку, зробленага 6 сакавіка? На гэтым шмат спекулююць: адны кажуць, што гэтым ЗША увялі новыя санкцыі, іншыя - толькі растлумачылі сэнс санкцый, ўведзеных у лістападзе.

Дэвід Крэмер:
-- Міністэрства фінансаў можа гэта растлумачыць больш дакладна, але я магу сказаць, што гэта кожны можа інтэрпрэтаваць па-свойму. Ці новыя гэта санкцыі? Здаецца, так гэта зразумеў беларускі ўрад. І я не збіраюся пераконваць іх, што гэта не так.

Мы гэтым крокам прадэманстравалі беларускім уладам, што мы вельмі сур'ёзна патрабуем вызвалення палітычных вязняў -- як мінімум таго, што яны павінны зрабіць, каб было магчымае паляпшэнне стасункаў з Захадам - не толькі з намі, але і з ЕС. ЗША прадэманстравалі летась, сёлета ў сакавіку і яшчэ прадэманструюць, калі будзе трэба, што мы настроены сур'ёзна.

Мы хочам лепшых стасункаў з Беларуссю. Не ў нашых інтарэсах цяперашняе напружанне, калі Беларусь адклікае свайго амбасадара з Вашынгтону і фактычна выцясняе нашага амбасадара Карэн Сцюарт з Мінску. Мы не зацікаўленыя ў эскалацыі напружання паміж намі і Беларуссю, але гэта беларускі ўрад павінны вырашыць, што важней для ўраду і краіны: трымаць Аляксандра Казуліна ў турме або паляпшаць адносіны з Захадам. Для мяне выбар просты: выпусціць Казуліна і развіваць стасункі з Захадам. Але пакуль беларускі ўрад яго не зрабіў.


“Перш за ўсё, мы нарэшце зможам пазітыўна гаварыць пра беларускі ўрад і не ставіць у адзін шэраг з Кубай, Паўночнай Карэяй або Бірмай”


Еўрарадыё:
-- Раней вы казалі, што калі беларускія ўлады выпусцяць Аляксандра Казуліна з турмы, гэта не прывядзе да імгненнай адмены санкцый. Што ў такім выпадку можа прапанаваць у адказ беларускаму ўраду Вашынгтон? У выпадку з Еўрасаюзам гэта даволі адчувальныя рэчы: паляпшэнне візавага рэжыму і г.д. Што можа прапанаваць амерыканскі ўрад?

Дэвід Крэмер:
-- Перш за ўсё, мы нарэшце зможам пазітыўна гаварыць пра беларускі ўрад. Я думаю, гэта важна: напрыклад, зусім нядаўна прэзідэнт Буш гаварыў пра вельмі істотную ролю жаночага лідэрства ў свеце і падкрэсліў, што Беларусь мае з гэтым праблемы. Было б цудоўна, каб Беларусь не трэба было ставіць у адзін шэраг з Кубай, Паўночнай Карэяй або Бірмай.

Больш за тое, мы пачалі б перагляд некаторых санкцый у дачыненні да Беларусі, у тым ліку візавых забаронаў для чыноўнікаў, якія мы ўвялі мінулым летам. Мы пачалі б таксама шукаць магчымасці вярнуцца да загаду прэзідэнта Буша, які даў магчымасць увесці санкцыі супраць ураду.

Ёсць шэраг пазітыўных мераў, якія мы маглі б прыняць, уключаючы паляпшэнне гандлёвых стасункаў, паглыбленне ваенных стасункаў з Беларуссю, пашырэнне праграм абмену. Былі прынятыя сур'ёзныя абмежаванні па абмене як для студэнтаў, так і для спецыялістаў. Мы хацелі б іх адмяніць, так жа, як абмежаванні па ўездзе ў ЗША.

Было б добра убачыць, як Беларусь зойме належнае ёй па праве месца ў Еўрапейскай супольнасці, заканчваючы сваю ізаляцыю.

Еўрарадыё: -- Вызваленне Казуліна - гэта цяпер адзінае патрабаванне для беларускага ўраду, каб пачалося далейшае паляпшэнне ягоных стасункаў з Захадам? Ці ёсць яшчэ крокі, якія вы чакаеце ад Мінска?

Дэвід Крэмер:
-- Натуральна, вызваленне Аляксандра Казуліна - гэта мінімальнае патрабаванне да ўладаў. Яны не павінныя запаўняць турэмныя камеры, апусцелыя пасля вызвалення шасці палітычных вязняў (калі Казуліна вызваляць) новымі палітычнымі вязнямі або вяртаць у турму каго-небудзь з тых, каго раней адпусцілі.

Мы хацелі б зняцця абмежаванняў па свабодзе перамяшчэння, якія набылі моц у студзені 2008 г. Мы хацелі б, каб і мы, і беларускія ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб будучыя парламенцкія выбары былі свабоднымі і справядлівымі. Цікава, што сп. Лукашэнка заявіў, што будзе вітаць місію БДІПЧ АБСЕ па маніторынгу за выбарамі. Мы вітаем гэтую прапанову і хацелі б дапамагчы гэтым выбарам прайсці міжнародны экзамен.


“Беларусь не павінна недаацэньваць нашую сур'ёзнасць і рашучасць адказаць падобным чынам на магчымыя крокі”


Еўрарадыё:
-- Ці абмяркоўваліся гэтыя крокі раней з беларускім урадам? Беларускі МЗС кажа, што ЗША парушылі нейкі "алгарытм" па нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Ці названыя вамі прапановы з'яўляюцца часткай гэтага алгарытму?

Дэвід Крэмер:
-- Мы падтрымалі "крокавую стратэгію", прапанаваную Еўрасаюзам ў снежні 2006 г. Злучаныя Штаты не з'яўляюцца для яе перашкодай. Перашкодай з'яўляецца тое, як беларускі ўрад абыходзіцца з уласнымі грамадзянамі.

Як толькі беларускі ўрад пакажа, што сур'ёзна жадае паляпшэння стасункаў з Захадам (а прыкметай гэтага будзе вызваленне ўсіх палітычных вязняў), мы пачнем дыялог з разумнымі кампрамісамі з усіх бакоў - не толькі з боку Беларусі, але таксама ЗША і Еўрапейскага саюзу. Праблемай з'яўляецца працяг турэмнага зняволення Аляксандра Казуліна, і мы спадзяемся, што беларускі ўрад яго вызваліць.

Еўрарадыё:
-- Сёння, аднак, беларускі ўрад звярнуўся да генеральнага сакратара ААН з лістом, дзе сцвярджае, што ЗША парушае міжнародныя пагадненні, у тым Мемарандум 1994 г., па якім узамен на ядзерны нейтралітэт Беларусі Амерыка абавязалася не прымяняць мер эканамічнага ціску на краіну. Існуе магчымасць, што Беларусь можа выкарыстаць гэты аргумент для вяртання ядзернай зброі ў краіну. Беларускі бок таксама заявіў, што папярэдзіў амерыканскі ўрад пра "жорсткія меры", якія будуць прымацца ў адказ на санкцыі. Ці можаце вы як прадстаўнік амерыканскага ўраду сказаць, якіх жорсткіх мераў з беларускага боку вы чакаеце, калі той усё ж не пагодзіцца вызваліць Аляксандра Казуліна?

Дэвід Крэмер:
-- Пачну з таго, што Беларусь - член Арганіазацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе і, як член гэтай арганізацыі, абавязана паважаць правы чалавека, свабоду і дэмакратыю. Але яна не паважае нічога з пералічанага. Таму перш за ўсё Беларусі трэба пачаць выконваць свае міжнародныя абавязацельствы.

Шчыра кажучы, зварот у ААН - гэта неразумны ход. Мы, натуральна, маем іншы погляд на Будапешцкі мемарандум 1994 г. Мы лічым, што гэта Беларусь не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы, калі знявольвае людзей у палітычных мэтах, калі ставіцца да свайго насельніцтва так, як цяпер. І ў гэтым - крыніца праблемы.

Пагрозы беларускага боку абвастрыць стасункі са Злучанымі Штатамі, спадзяюся, добра прадуманыя. Бо ён не павінен недаацэньваць нашую сур'ёзнасць і рашучасць адказаць падобным чынам на магчымыя крокі. Мы спадзяемся, што яны не будуць прадпрымаць ніякіх дадатковых дзеяньняў, мы будзем дакладна аналізаваць тыя магчымыя крокі, якія яны могуць зрабіць, але нашае асноўнае патрабаваньне - вызваленне Казуліна. І падобна, гэта беларускі ўрад вырашае, што трымаць Казуліна ў турме яму болей выгадна, чым наладжваць адносіны з Захадам.

Еўрарадыё: -- Дзякуй за гутарку.
Дэвід Крэмер: -- І я дзякую.

Гутарыла Алена Васілеўская
Фота
- Хартыя'97

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі