Добраахвотнік: "Нам дапамагаў фермер — у адплату на яго дом навялі артылерыю"

Прадавачка ў краме галасіла і пытала: "Калі ўсё гэта скончыцца? За што яны нас так ненавідзяць? Хлопцы, зрабіце што-небудзь".

Прадавачка ў краме галасіла і пытала: "Калі ўсё гэта скончыцца? За што яны нас так ненавідзяць? Хлопцы, зрабіце што-небудзь". / @rubanau_collage

Увесну 22-га года мой сябар знік з радараў. Агульныя знаёмыя казалі, што ён з'ехаў у Польшчу — маўляў, знайшлася нейкая праца. У сацыяльных сетках на сувязь ён не выходзіў, і адказы сваякоў не праяснялі сітуацыю.

Праз тры месяцы Бэтмэн напісаў: не трэба хвалявацца, я жывы. Так я даведаўся, што мой сябар ваюе ва Украіне. І з 2023 года мы з Бэтмэнам перапісваліся рэгулярна. Ён расказваў, якую музыку слухае на вайне, расказваў пра сваіх новых сяброў, пра страты блізкіх, пра сваё раненне.

У сакавіку мінулага года мой сябар вярнуўся з вайны. Для новага праекта Еўрарадыё "Як ты?" Бэтмэн расказаў пра вайну тое, што расказваў мне, калі мы перапісваліся ў 2023-м.

Ён служыў у разведцы і праз спецыфіку службы не можа шмат расказаць пра сваю баявую працу. Але ён шмат чаго расказваў пра людзей.

"Калі ўсё гэта скончыцца? За што яны нас так ненавідзяць? Хлопцы, зрабіце што-небудзь, мы ўжо не можам". Інтэрв'ю з Бэтмэнам

"Першыя актыўныя баявыя дзеянні, у якіх я ўдзельнічаў, — Бахмут"

— Бэтмэн, як ты?

— Нармальна. Так склаліся абставіны — я больш не мог заставацца ва Украіне. Я мусіў з'ехаць. Было шмат аб'ектыўных абставінаў, у тым ліку наступствы ранення.

— Калі ты прыняў рашэнне ехаць на вайну?

— Адразу, 24 лютага 22 года. У мяне быў пэўны бэкграўнд, які дазваляў мне бачыць сябе на вайне. Для ўсіх маіх блізкіх людзей маё рашэнне не было нейкай неспадзеўкай.

Ніхто не хацеў, каб я ехаў, але абставіны склаліся так, што мне проста нельга было заставацца ў Беларусі. Як і многія, я актыўна дзейнічаў у 2020 годзе. У выніку спачатку я з'ехаў у Польшчу, а потым — ва Украіну.

Першыя актыўныя баявыя дзеянні, у якіх я ўдзельнічаў, былі пад Бахмутам. Гэта быў верасень 2022 года. Там нам супрацьстаяў "Вагнер".

— Што ты браў з сабой у дарогу?

— Мой заплечнік быў укамплектаваны загадзя. Усё самае неабходнае, што мусіць мець чалавек, які едзе на вайну, у мяне з сабой было.

— З іншымі беларусамі ты трымаўся разам?

— Спачатку так. Калі мы прыехалі, вось у самым пачатку, быў вялікі парог непрыняцця нас з боку ўкраінцаў. Толькі праз пару-тройку тыдняў усё ўстала на свае месцы. У мяне быў таварыш — украінец з Чарнігаўскай вобласці. Канкрэтна ў яго населены пункт былі прылёты з боку Беларусі з драматычнымі наступствамі. Натуральная рэакцыя чалавека — рэагаваць на прадстаўнікоў краіны, з тэрыторыі якой забіваюць яго блізкіх, насцярожана. Як можна іначай рэагаваць?

Доброволец: “Нам помогал фермер — в отместку на его дом навели артиллерию"
Жыхар Харкава плача ў сваёй кватэры, якая пацярпела пасля абстрэлаў горада / AP Photo, Bernat Armangue

І ты на сабе адчуваеш гэтую адказнасць. Ты ваюеш, каб гэтыя людзі хоць гэтак маглі жыць.

— Раскажы, як вас мясцовыя сустракалі? Варэнікаў паеў?

— Што тычыцца вось менавіта ежы, закатак, ссабоек — гэта было проста бясконца. У нас гэтага было столькі, што мы проста не ведалі, куды гэта падзець. Адкуль яно бралася? Проста прыходзілі людзі: вось, хлопцы, гэта вам.

Амаль у кожным доме гаспадыня пячэ хлеб і піражкі гэтыя бясконцыя — з бульбай, з капустай, з гэтым, з тым і з тым.

І, шчыра кажучы, для мяне дагэтуль таямніца — як? Ну вось у Беларусі гаспадыня рыхтуецца прымаць гасцей загадзя. Ва Украіне я трапляў у дамы з абрусам-самабранкай. Ты садзішся за стол, і гаспадыня, як правіла, пачынае казаць: ой, я ж нічога не паспела, толькі вы не крыўдуйце, нічога нема! І тут жа ставіць на стол боршч, піражкі, свежы хлеб, сала, часнык, лук. І боршч — гэта такі боршч, у якім лыжка стаіць.

Але калі ты з'еў вядро гэтага баршчу і ўжо ўстаць не можаш — лічыцца, што ты яшчэ нічога не з'еў. Яшчэ будзе тры-чатыры віды піражкоў, катлеткі, а калі ты спацелы ад ежы і амаль самлеўшы збіраешся сыходзіць, гаспадыня хвалюецца — чакайце, яшчэ ж галубцы не паспелі! Такое іх праславутае "я нічога не паспела".

Ну а гаспадар падчас застолляў ставіць на стол бутэльку — можна выбраць, "сваю" ці "казёнку". Казёнка — гэта любая гарэлка з крамы. "Што вы, хлопцы, будзеце? Сваю чы казёнку"? Я аддаваў перавагу "сваёй", бо праз гэта можна зразумець нейкі містычны бок украінскай нацыі.

Гэтае застолле — яно паказвае табе характар чалавека, паказвае, што гэта за сям'я, што за мясцовасць. Той жа боршч у Чарнігаўскай вобласці і боршч на поўдні Харкаўскай вобласці — гэта розныя баршчы. І гэта вельмі яркая, цёплая старонка знаходжання ва Украіне.


"Усё павінна быць прыгожае, усё павінна рабіць уражанне. А ты ведаеш, што гэта нічога не вартае"

— Бэтмэн, а якую музыку слухаюць на вайне? Якія песні спяваюць?

— У залежнасці ад этапу вайны слухаліся і пісаліся розныя песні. Першыя паўгода ўсё было такое гераічнае, адважнае, задзірлівае. Накшталт песні "Давай, Вова, еб*ь их, бл*ь, и мы будем помогать".

Потым быў другі этап вайны, калі накапілася стомленасць. І захацелася песень пра стан, пра душу. Не пра вайну, а пра тое, што адчуваеш.

— Ну, напрыклад?

— А я вось слухаў стрым з Джынам ён уключаў песню "За териконами". Вось такіх песень захацелася. А яшчэ, вядома, лірычная песня "Ми цілувалися під вінницьким дощем". Ёсць знакамітыя кадры, як пацаны наперад яе слухаюць, падпяваюць. Гэта значыць, ужо хацелася вось гэтага — поцеловатыся під вінницьким дощем.

Украинские военные слушают песню “Ми цілувалися під вінницьким дощем” (и подпевают)

І тут трэба аддаць належнае ўкраінскай музычнай супольнасці і наогул людзям мастацтва ва Украіне: яна там проста бурліць, і я ў шоку ад таго, наколькі гэта творча прадуктыўныя людзі.

— Як гэтая вайна адбілася на тваім сяброўстве? На стаўленні да даваенных сяброў, ды і ў цэлым да людзей?

— Пасля тых адносін, якія былі там, ты міжволі пераацэньваеш свае ўзаемаадносіны з даваеннымі сябрамі.

У мірным жыцці мы надаем значэнне рэчам, якія на самой справе вялікага значэння не маюць. Ну вось рэальна, я перастаў сачыць за нейкімі тэндэнцыямі ў модзе. Таму што працяглы прамежак часу ты ўспрымаў вопратку з пункту гледжання функцыянальнасці, выжывальнасці. Трэба было, каб яна проста была чыстай.

І цяпер, калі ты глядзіш на якога чалавека выфранчанага, гэта здаецца смешным. І ўтрая смяшнейшым, калі ты разумееш, колькі чалавек заплаціў за гэтую адзежу.

Сучасны свет надае такое гіпертрафаванае значэнне візуальнай частцы. Усё мусіць быць прыгожае, усё мусіць рабіць уражанне. А ты ведаеш, што гэта ўсё нічога не вартае. І чым бліжэй да "нуля", тым хутчэй гэтыя пласты дзіўнага і непатрэбнага адміраюць і адпадаюць.

Поўную версію размовы з Бэтмэнам слухайце на YouTube-канале "Еўрарадыё".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.